Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: прызнаць сябе грэшнікам, каб пазнаць Хрыста

Прызнаць сябе грэшнікамі і пазнаць любоў Езуса Хрыста, заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 25 кастрычніка 2018 г. цэлебраваў у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

Сваю гамілію Пантыфік пачаў з пытання: “Кім з’яўляецца Езус Хрыстус для цябе?”. Ён зазначыў, што многія людзі адказваюць на яго выключна словамі Сімвала веры, а важна даць адказ таксама сэрцам, грунтуючыся на ўласным досведзе.

У якасці прыкладу Папа ўзгадаў апостала Паўла, які пазнаў Хрыста не дзякуючы вывучэнню тэалогіі, але праз досвед жыцця, хоць і рабіў пастаянныя спасылкі словы Святога Пісання пра Месію. На пытанне: “Хто для цябе Хрыстус?”, ён адказваў проста: “Які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне”.

Паводле Францішка, першым крокам да такога прызнання, з’яўляецца ўсведамленне сябе грэшнікам. Ён падкрэсліў, што не дастаткова толькі назваць свае грахі падчас споведзі, трэба глыбока ўсвядоміць сябе грэшнікам. Менавіта так рабіў Павел, калі прызнаваўся ў пераследзе хрысціян.

Другім крокам да пазнання Езуса, заўважыў Святы Айцец, з’яўляецца сузіранне і малітва. “Той жа Павел кажа: “Ён мае ўладу, каб зрабіць непараўнальна больш за тое, чаго мы просім, або пра што думаем”. Ён мае сілу, каб зрабіць гэта. Але мы павінны прасіць Яго”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў маліцца таксама аб дары абвяшчэння Хрыста, не проста паўтараючы адны і тыя ж словы, але грунтуючыся на ўласным досведзе, прапаведуючы з упэўненасцю, на падабенства апостала Паўла. “Гэта будзе нашай сілай і нашым сведчаннем”, - перакананы ён.

“[Хрысціян на словах мы маем шмат. Нават часта мы самі з’яўляемся такімі. І гэта не святасць. Святасць заключаецца ў тым, каб быць хрысціянамі, якія рэалізуюць у жыцці тое, чаму навучыў Езус, і тое, што Езус пасеяў у сэрцы]”

- падкрэсліў Святы Айцец.

“Першы крок – пазнаць саміх сябе, як грэшнікаў. Без гэтага ведання і таксама без гэтага ўнутранага прызнання ў тым, што з’яўляемся грэшнікамі, мы не можам рушыць далей. Другі крок – гэта малітва да Пана, каб Ён сваёй сілай дапамог нам пазнаць таямніцу Езуса, што з’яўляецца агнём, які Ён кінуў на зямлю. Будзе добрай звычкай, калі мы кожны дзень, у кожны момант, зможам казаць: “Пане, дай мне пазнаць Цябе і пазнаць сябе”. І так рушыць далей”, - заклікаў на заканчэнне сваёй гаміліі Папа.

Рэпартаж з капліцы рэзідэнцыі Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
25 кастрычніка 2018, 12:35
Увесь кантэнт >