Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (� Vatican Media)

Папа: сузіранне і служэнне – шлях хрысціянскага жыцця

Каб не памыліцца ў хрысціянскім жыцці, трэба быць “улюблёным” у Пана і чэрпаць ад Яго натхненне для учынкаў, заўважыў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 9 кастрычніка 2018 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на ўрывак з Евангелля св. Лукі пра Марту і Марыю, сясцёр Лазара, якія прымалі Езуса ў сваім доме (Лк 10, 38-42). Дзве сястры, паводле Папы, дэманструюць два падыходы да хрысціянскага жыцця. Марыя “слухала Пана”, а Марта “была занятая многімі справамі”.

Святы Айцец зазначыў, што Марта была адважнай жанчынай, якая нават Хрыста папракала за тое, што не прысутнічаў пры смерці Лазара. У той жа час, ёй было не ўласціва “сузіранне”, яна не ўмела “губляць час, гледзячы на Пана”.

“Ёсць шмат хрысціян, якія кожную нядзелю ідуць на Імшу, а потым з галавой занураюцца ў справы. Не маюць часу нават на дзяцей, не маюць часу, каб гуляць з дзецьмі: гэта кепска. Кажуць: “У мяне шмат спраў, я заняты...” і ўрэшце становяцца адэптамі рэлігіі, якая называецца “працагалізм”. Гэта група людзей, якія пастаянна занятыя, пастаянна штосьці робяць”, - заўважыў Францішак.

“Але спыніся, паглядзі на Пана, вазьмі Евангелле, паслухай Божае слова, адкрый тваё сэрца!”

, - заклікаў Папа.

Паводле Пантыфіка, такія людзі могуць рабіць дабро, але яно будзе не хрысціянскім, а чалавечым. “Гэтым людзям не хапае сузірання, як не хапала гэтага Марце. Яна была адважнай, заўсёды ішла наперад, заўсёды мела занятыя рукі, але ёй не хапала спакою, таго, каб правесці час у сузіранні Пана”, - дадаў ён.

Адваротным прыкладам з’яўляецца Марыя. Яна не проста адпачывала, але глядзела на Пана, каб чэрпаць натхненне для сваіх далейшых дзеянняў. У яе стаўленні, паводле Францішка, магчыма прасачыць паралель з бэнэдыктынскім дэвізам “Ora et labora” (Маліся і працуй), а таксама пазіцыяй св. Паўла, які перш чым пачаць прапаведаваць, заўсёды сузіраў таямніцу Пана, будучы “ўлюблёным” у Яго.

Рэпартаж з капліцы Дому св. Марты

Каб знайсці належную раўнавагу, Францішак рэкамендаваў вернікам спытаць сябе, ці праводзяць час у сузіранні, чэрпаючы сілы для свайго служэння. “Сузіранне і служэнне – вось шлях нашага жыцця. Няхай кожны з нас падумае: колькі часу ў дзень я прысвячаю сузіранню таямніцы Езуса? Як працую? Працую шмат, нібыта ў адчужэнні, або працую ў адпаведнасці з маёй верай, працую ў якасці служэння, што паходзіць з Евангелля? Будзе вельмі карысным падумаць пра гэта”, - заўважыў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 кастрычніка 2018, 12:59
Увесь кантэнт >