Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Папа: пакора, лагоднасць і доўгацярплівасць – шлях да міру

Пакора, лагоднасць і доўгацярплівасць – шлях да міру ў свеце, грамадствах і сем’ях, падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 26 кастрычніка 2018 г. цэлебраваў у капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Францішак нагадаў, што апостал Павел аж да самай сваёй смерці быў адданы будаванню еднасці паміж вучнямі Хрыста, бо хрысціяне бываюць “празмерна заклапочаныя” ўнутраным суперніцтвам. Мы амаль “прызвычаіліся дыхаць паветрам канфліктаў”, жыць у свеце, у якім няма міру і адзінства, дзе трывае гонка ўзбраенняў і падрыхтоўка да войнаў, з горыччу заўважыў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на няздольнасць міжнародных арганізацый знаходзіць мірныя рашэнні па прычыне таго, што пастаянна пераважаюць вузкія інтарэсы іх членаў. “У выніку дзеці не маюць есці, не ходзяць у школы, не хапае шпіталей, бо вайна знішчае ўсё. У нас ёсць схільнасць да разбурэння, войнаў і разладаў. Гэта схільнасць, якую сее ў сэрцах наш вораг, знішчальнік чалавецтва: д’ябал”, - падкрэсліў ён.

Каб быць здольнымі будаваць мір трэба паводзіць сябе адпаведна пакліканню, якое атрымалі, “з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю”, нагадаў Францішак словы з Паслання да Эфесцаў.

“Павел – практычны. Ён дае вельмі канкрэтную параду: “Церпячы адзін аднаго ў любові”. Цярпець адзін аднаго. Гэта нялёгка, бо заўсёды з нас выходзяць асуджэнні, прысуды, якія вядуць да падзелаў і аддалення...”

, - дадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што калі ствараецца дыстанцыя паміж членамі адной сям’і, “д’ябал радуецца”, бо гэта азначае “пачатак вайны”. У такой сітуацыі трэба быць вельмі цярплівымі, памятаючы, што “ўсе мы з’яўляемся грэшнікамі, усе маем свае слабасці”. Неабходна захоўваць “еднасць духа ў саюзе міра”, дадаў ён.

Спасылаючыся на літургічнае евангельскае чытанне (Лк 12, 54-59), у якім Езус раіць прымірыцца з праціўнікам “па дарозе”, Францішак зазначыў, што гэта “вельмі добрая парада”, бо прыйсці да згоды на самым пачатку канфлікту значна лягчэй.

“Парада Езуса такая: дасягайце згоды на самым пачатку, прымірыцеся на самым пачатку. У гэтым заключана пакора, лагоднасць і доўгацярплівасць. Мір ва ўсім свеце можна будаваць праз гэтыя простыя рэчы, бо такое стаўленне з’яўляецца стаўленнем Езуса, Які пакорны, ціхі і ўсё прабачае. Сённяшні свет патрабуе міру, мы патрабуем міру, нашы сем’і патрабуюць міру, наша грамадства патрабуе міру. Пачнем практыкаваць гэтыя простыя рэчы дома: доўгацярплівасць, лагоднасць, пакору. Пойдзем па гэтым шляху: заўсёды будуючы і ўмацоўваючы еднасць. Няхай Пан дапаможа нам на гэтым шляху”, - пажадаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.

Рэпартаж з капліцы рэзідэнцыі Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
26 кастрычніка 2018, 11:37
Чытаць усё >