Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: Анёлы Ахоўнікі дапамагаюць на шляху да Бога

Анёлы падтрымліваюць на жыццёвым шляху і ўказваюць дарогу да Бога, падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 2 кастрычніка 2018 г. – ва ўспамін св. Анёлаў Ахоўнікаў, – цэлебраваў у Ватыкане.

У якасці зыходнага пункту гаміліі Пантыфік выкарыстаў словы з першага літургічнага чытання: “Вось Я пашлю анёла свайго, які будзе ісці перад табою і ахоўваць цябе ў шляху, і прывядзе да месца, падрыхтаванага Мною” (Зых 23,20). Анёлы Ахоўнікі з’яўляюцца “вельмі асаблівай дапамогай”, якую “Пан абяцае свайму люду і нам – пілігрымам на жыццёвым шляху”, сцвердзіў ён.

Святы Айцец адзначыў, што кожны патрабуе дапамогі Анёла Ахоўніка, які застаецца для чалавека “спадарожнікам”, “ахоўнікам”, “компасам”, баронячы яго ў небяспецы.

Адна з такіх небяспечных сітуацый узнікае тады, калі асоба перастае рухацца наперад, спыняецца і не робіць нічога. Тут Францішак узгадаў пра чалавека з Евангелля, які пабаяўся інвеставаць свой талант і закапаў яго, баючыся зрабіць памылку.

“[Шмат людзей не ведаюць, як ісці, або баяцца рызыкаваць, спыняюцца. Але мы ведаем правіла: хто спыняецца ў жыцці, той псуецца]”

, - заўважыў Папа, і спаслаўся на ваду, якая, калі застойваецца, псуецца. “Анёл нам дапамагае, падштурхоўвае да руху”, - падкрэсліў ён.

Дзве іншыя небяспечныя для чалавека сітуацыі: памыліцца дарогай і блукаць, як у лабірынце. І тут нас падтрымліваюць Анёлы. Трэба маліцца да іх і прасіць аб дапамозе, параіў Францішак, бо яны не толькі вядуць па жыццёвым шляху, але і ўказваюць яго мэту.

“Наш Анёл не толькі знаходзіцца з намі, але бачыць Бога Айца. Ён прабывае ў адносінах з Ім. Ён з’яўляецца штодзённым мостам, які нас суправаджае ад моманту нашага прабуджэння да адыходу да сну. Ён – сувязь паміж намі і Богам Айцом. (...) Не будзем забывацца пра гэтых спадарожнікаў на шляху”, - заклікаў вернікаў, сабраных у карліцы Дому св. Марты, Францішак.

Рэпартаж з капліцы Дому св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
02 кастрычніка 2018, 12:03
Увесь кантэнт >