Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: крывадушнікі забыліся, што значыць радавацца

Быць хрысціянамі пакліканымі да жыцця ў надзеі і радасці, а не ў крывадушнасці, заклікаў Францішак вернікаў падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 19 кастрычніка 2018 г. цэлебраваў у Ватыкане.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Лукі (Лк 12, 1-7), у якім Езус заклікае вучняў сцерагчыся “закваскі крывадушнасці фарысейскай”, Папа зазначыў, што такую закваску маюць закрытыя ў сабе людзі, якія думаюць толькі пра вонкавае, пра ўласны імідж, а калі даюць міласціну, “трубяць” пра гэта ўсюды.

Тут гаворка ідзе пра эгаістаў, заклапочаных уласнай бяспекай. Калі яны сустракаюцца з нечым, што ставіць іх у нязручную сітуацыю, адварочваюцца ў іншы бок, згодна з уласнымі “ўнутранымі законамі”, лічыць Святы Айцец.

Рэпартаж з капліцы рэзідэнцыі Папы

“Такая закваска – кажа Езус, – небяспечная. Сцеражыцеся яе! Гэта крывадушнасць. Езус не талеруе крывадушнасці: не талеруе такога стаўлення, калі нехта мае прыстойны выгляд, з усімі прыгожымі формамі добрых манер, але дрэнныя звычкі. І сам Езус кажа: “Вы падобныя да пабеленых трун, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!”, - нагадаў Папа. Паводле Францішка, такая закваска вядзе да росту “у сабе”, да эгаізму і засяроджанасці на сабе, у чым няма будучыні.

Але існуе таксама і іншая закваска, якая спрыяе росту “па-за сабой”. Менавіта пра людзей, якія маюць яе кажа св. Павел, калі тлумачыць, што ў Хрысце “мы былі выбраны і прадвызначаны” спадкаемцамі Яго хвалы.

“[Часам яны памыляюцца, але выпраўляюцца; часам падаюць, але ўздымаюцца. Нават часам грашаць, але каяцца. Заўсёды ў знешнім напрамку, у напрамку спадчыны, бо яна была паабяцана. І гэтыя людзі – радасныя, бо ім было абяцана вельмі вялікае шчасце: што будуць хвалой, праслаўленнем Бога]”

, - сказаў Папа.

Такія хрысціяне надзеленыя закваскай Святога Духа і надзеяй, звярнуў увагу Францішак. “Святы Дух – гэта пячатка такой надзеі, такой хвалы, такой радасці. Людзі, якія маюць Святога Духа як закваску, маюць радасць у сваіх сэрцах, нягледзячы на праблемы і цяжкасці. А крывадушнікі забыліся, што значыць быць радаснымі”, - падсумаваў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 кастрычніка 2018, 13:10
Увесь кантэнт >