Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты Папа падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты  (à © Vatican Media)

Папа: выбіраць паміж “навінкамі” свету і “навізной” Евангелля

Розніцы паміж “навінкамі” свету і “навізной” Евангелля прысвяціў Папа сваю гамілію падчас ранішняй св. Імшы 10 верасня 2018 г. у Ватыкане. Ён папярэдзіў, што Евангелля не можна “змякчыць”.

Пантыфік адзначыў, што Добрая Навіна Езуса Хрыста ператварае чалавека ў цэлым і не церпіць крывадушнасці. Ён папярэдзіў, што хрысціянскі шлях – гэта часта мучаніцтва.

Францішак распачаў гамілію з разважання над словамі першага чытання сённяшняй Літургіі, узятымі з Першага паслання да Карынцянаў: “Браты: Паўсюль чуецца, што сярод вас пануе распуста, прычым такая распуста, якой няма нават сярод язычнікаў” (Кар 5, 1). Папа адзначыў, што ў гэтых рэзкіх словах св. Павел папракаў хрысціян Карынту за падвойнае жыццё. Гэтыя так званыя “адкрытыя хрысціяне” спалучалі веру ў Хрыста з актамі маральна злымі. Апостал нагадаў, што “малая закваска квасіць усё цеста”, і што існуе неабходнасць новай закваскі для новага цеста. І Езус вучыў, што новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі.

“Навізна Евангелля, навізна Хрыста азначае не толькі змены ў нашай душы. Яна павінна ператварыць у нас усё: душу, дух і цела, усё, што ёсць”

, - адзначыў Пантыфік.

“Навізна Евангелля абсалютная, усёабдымная. Яна ахоплівае нас усіх, таму што знутры ператварае тое, што з’яўляецца вонкавым: дух, цела і штодзённае жыццё”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што хрысціяне Карынту не разумелі ўніверсальнай навізны Евангелля, якая не з’яўляецца ні ідэалогіяй, ні сацыяльным ладам жыцця, а таму не можа суіснаваць з паганскімі звычкамі. Навізна Евангелля заключаецца ва ўваскрасенні Хрыста і прысутнасці Яго Духа ў нашым жыцці. Мы, хрысціяне, з’яўляемся людзьмі навізны, а не навінак, падкрэсліў Папа. Ён адзначыў, што існуе пастаяннае супрацьстаянне паміж навізной Езуса Хрыста і мірскімі “інавацыямі”.

Рэпартаж з капліцы Дому св. Марты

Пантыфік адзначыў, што св. Павел выкрываў крывадушнасць і фармалізм карынцянаў. Ён падкрэсліў, што неабходна праводзіць адрозненне паміж чалавечай слабасцю і грахоўнасцю, якую мы прызнаём і ад якой спрабуем вызваліцца, і крывадушнымі “навінкамі свету”. Ён дадаў, што ісці за Езусам, часта азначае мучаніцтва. Пра гэта гаворыцца ў завяршэнні сённяшняга ўрыўка Евангелля: кніжнікі і фарысеі “абмяркоўвалі паміж сабою, што б зрабіць з Езусам” (Лк 6, 11), – як ліквідаваць Яго, забіць.

“ Шлях тых, хто прымае Навіну Хрыста, той жа, што і ў Езуса, шлях да мучаніцтва ”

, - папярэдзіў Францішак. Ён дадаў, што гэта часта мучаніцтва не “крыві”, а “паўсядзённага жыцця”.

“Мы знаходзімся на шляху і на нас глядзіць вялікі абвінаваўца, які натхняе сённяшніх абвінаваўцаў, каб злавіць нас на супярэчнасцях”. Але не можна дамаўляцца з “навінкамі”, мы не павінны “змякчаць евангельскага паслання”, - сказаў Папа ў канцы сённяшняй гаміліі ў капліцы Дому св. Марты.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 верасня 2018, 12:54
Чытаць усё >