Папа Францішак Папа Францішак  (AFP or licensors)

Францішак: важна ўмець прызнаваць сябе грэшнікамі

Прызнаць сябе грэшнікамі, бо пакуль не навучымся абвінавачваць саміх сябе, не зможам крочыць шляхам хрысціянскага жыцця, заклікаў Папа падчас ранішняй св. Імшы 6 верасня 2018 г. у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік засяродзіўся на літургічным евангельскім урыўку (Лк 5,1-11), у якім Пётр на заклік Хрыста закінуў сеткі ў мора і выцягнуў вялікае мноства рыбы. Паводле Францішка, гэтае апавяданне нагадвае пра іншую цудоўную лоўлю, якая адбылася пасля Уваскрасення, калі Езус з’явіўся перад вучнямі і спытаў ці маюць яны што з’есці (Лк 24, 36-43).

У абодвух выпадках адбываецца “намашчэнне” Пятра: спачатку, як лаўца людзей, а потым, як пастыра. Езус змяніў таксама яго імя, з Сымона на Пятра, а Пётр, будучы “добрым ізраільцянінам”, ведаў, што змена імені азначае змену місіі. Ён “адчуваў гонар, бо па-сапраўднаму любіў Езуса”, а гэтая цудоўная лоўля стала яшчэ адным крокам наперад у яго жыцці. Убачыўшы, што сеткі пачыналі рвацца ад вялікага мноства рыбы, Пётр прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”, нагадаў Папа.

“[Гэта першы рашучы крок Пятра на шляху вучня, вучня Езуса – абвінавачванне самога сябе: “Я – грэшнік”. Гэта першы крок Пятра, а таксама першы крок кожнага з нас, калі хочам крочыць шляхам духоўнага жыцця, жыцця Езуса, служыць Езусу, наследаваць Езуса]”

- заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што нам адносна лёгка казаць пра ўласную грэшнасць у агульных словах, але значна цяжэй гаварыць аб сваіх грахах канкрэтна. Ён зазначыў, што абвінавачванне сябе, павінна суправаджацца адчуваннем уласнай мізэрнасці перад Богам, адчуваннем сораму ў сэрцы. Пётр па-сапраўднаму адчуў сябе грэшнікам і таму спазнаў збаўленне. Збаўленне, якое прынёс нам Езус, патрабуе не “касметычнай”, але шчырай споведзі, дадаў Папа.

Святы Айцец таксама падкрэсліў, што здольнасць асуджасць саміх сябе, а не іншых людзей, з’яўляецца сапраўднай ласкай, аб якой трэба прасіць Пана.

“Знакам таго, што чалавек, што хрысціянін не ўмее абвінавачваць сябе, з’яўляецца яго звычка абвінавачваць іншых, абгаворваць іншых, соваць нос у жыццё іншых людзей. Гэта кепскі знак. Ці я раблю так? Гэта цудоўнае пытанне, каб дасягнуць сэрца. Папросім сёння ў Пана аб ласцы, каб апынуцца перад Ім з тым здзіўленнем, якое дае Яго прысутнасць, і аб ласцы адчування сябе грэшнікамі, але канкрэтна, і казаць як Пётр: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”, - закончыў сваю гамілію Святы Айцец.

Рэпартаж з капліцы рэзідэнцыі Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
06 верасня 2018, 12:23
Увесь кантэнт >