Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты Папа падчас св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты  (� Vatican Media)

Францішак патлумачыў, на чым грунтуецца аўтарытэт пастыра

У пакоры і спагадзе Езуса павінны чэрпаць натхненне пастыры, і такім чынам здабываць аўтарытэт сярод Божага народу. На гэта звярнуў увагу Папа 18 верасня 2018 г., падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане.

Пантыфік спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Лукі (Лк 7,11-17), які апісвае ўваскрашэнне маладога чалавека з Наіна, адзінага сына маці, якая была ўдавой.

Папа падкрэсліў, што Езус меў аўтарытэт таму, што быў лагодны і пакорлівы сэрцам, быў блізкі да чалавека. Евангеліст Лука падкрэслівае літасць Езуса над аўдавелай маці.

“Евангелле распавядае нам, што, калі Езус не быў з народам, быў з Айцом, каб маліцца. Вялікую частку часу ў дарозе Ён праводзіў з людзьмі”

, - адзначыў ён.

Францішак падкрэсліў “дзве рысы літасці”: лагоднасць і пяшчоту. І такі менавіта падыход Хрыста да нас. Ён назваў Езуса “іконай пастыра”. Ад Яго сённяшнія душпастыры павінны вучыцца блізкасці да людзей, а не атачаць сябе невялікімі групамі магутных і ідэолагаў. “Такія асобы атручваюць нам душу”, - папярэдзіў Папа.

Пантыфік адзначыў, што і ў момант пакут, Езус захаваў такое ж стаўленне пакоры, лагоднасці, блізкасць, спагады і пяшчоты.

“У цяжкія хвіліны, у той час, калі бушуе д’ябал, калі праз шматлікіх людзей, шматлікіх магутных, абвінавачвае Вялікі абвінаваўца, пастыр пакутуе, аддае сваё жыццё і моліцца”

, - заўважыў Папа, прыводзячы прыклад Хрыста на крыжы.

“Будзем прасіць ласку, каб мы ўсе, пастыры мелі аўтарытэт, які з’яўляецца ласкай Духа Святога”, - заклікаў Францішак у канцы сваёй гаміліі.

Рэпартаж з капліцы Дому св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
18 верасня 2018, 11:38
Чытаць усё >