Пошук

Папа падчас цэлебрацыі св. Імшы Папа падчас цэлебрацыі св. Імшы 

Папа: евангелізатары не павінны быць “прадпрымальнікамі”

Евангелізацыя мае тры фундаментальныя вымярэнні: абвяшчэнне, служэнне і бескарыслівасць, заўважыў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 11 чэрвеня 2018 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што Святы Дух – гэта галоўная дзеючая асоба евангелізацыі, прычым гаворка не ідзе пра звычайную “пропаведзь” ці перадачу пэўных ідэй, але пра дынамічны рух, здольны “змяняць сэрцы” дзякуючы дзейнасці Духа.

“Мы бачылі добра распрацаваныя душпастырскія планы, дасканалыя”, але “якія не былі прыладамі евангелізацыі”, былі толькі самамэтай, былі “няздольнымі змяняць сэрцы”, падкрэсліў Францішак. Ён дадаў, што Езус кліча вернікаў дзейнічаць не з “прадпрымальніцкім” падыходам, але са Святым Духам, які адарае сапраўднай мужнасцю.

Другім вымярэннем евангелізацыі, паводле Папы, з’яўляецца служэнне. Ён папярэдзіў аб небяспецы кар’ерызму і прагі карыстацца іншымі людзьмі. “Кар’ерызм у Касцёле – гэта знак таго, што мы не ведаем, чым з’яўляецца евангелізацыя, дзе той, хто кіруе, павінен быць як той, хто служыць”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Мы можам абвяшчаць добрыя рэчы, але без служэння, гэта не абвяшчэнне! Яно здаецца такім, але не з’яўляецца! Бо Дух вядзе цябе не толькі да абвяшчэння праўдаў Пана і жыцця Пана, але вядзе таксама да братоў і сясцёр, каб служыць ім”, - сказаў Папа.

“[Служэнне. Таксама ў малых рэчах. Жудасна, калі бачыш евангелізаратаў, якія жадаюць, каб ім служылі і жывуць, каб ім служылі. Гэта ганебна]”

- падкрэсліў Пантыфік.

Трэцім вымярэннем, на думку Святога Айца, з’яўляецца бескарыслівасць, згодна з евангельскімі словамі: “Задарма атрымалі, задарма давайце” (Мц 10,8).

“Усе мы былі задарма збаўлены Езусам Хрыстом і таму таксама павінны даваць задарма. Душпастырскія работнікі евангелізацыі павінны навучыцца гэтаму, іх жыццё павінна быць бескарыслівым, каб служыць, абвяшчаць, кіравацца Духам. Уласная беднасць падштурхоўвае іх адкрыцца на Духа”, - падкрэсліў Пантыфік на заканчэнне сваёй гаміліі.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
11 чэрвеня 2018, 11:46
Увесь кантэнт >