Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Францішак падчас цэлебрацыі св. Імшы Францішак падчас цэлебрацыі св. Імшы  (ANSA)

Пантыфік: хрысціяне без памяці не сустракаюць Езуса

Памятаць пра першую сустрэчу з Хрыстом, пра людзей, якія перадалі веру і пра закон любові, заклікаў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 7 чэрвеня 2018 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Францішак спаслаўся на першае літургічнае чытанне з Другога паслання да Цімафея (2, 8-15), у якім апостал Павел заклікае: “Памятай пра Езуса Хрыста”. Паводле Папы, памяць дапамагае сустрэць Хрыста і знайсці неабходныя сілы ісці далей.

“Хрысціянская памяць – як соль. Без памяці мы не можам крочыць наперад. Калі сустракаем хрысціян, пазбаўленых памяці, адразу бачым, што яны згубілі смак хрысціянскага жыцця і сталі асобамі, якія спаўняюць запаведзі, але без містычнасці, не сустракаючы Езуса Хрыста”

- заўважыў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, сустрэць Хрыста магчыма ў першых хвілінах, у папярэдніках на шляху веры, у Божым законе. Ён заўважыў, што кожны вернік меў у жыцці прынамсі дзве-тры сустрэчы з Панам, важныя для духоўнага жыцця, навяртання, паклікання. “У сэрцы мы маем гэтыя моманты. Адшукайма іх там! (...) Яны з’яўляюцца крыніцай на хрысціянскім шляху, крыніцай, якая дае мне сілы!”, - дадаў ён.

Сустрэча з Езусам адбываецца таксама праз успамін аб тых, хто папярэднічаў нам на шляху веры. “Веру мы не атрымалі па пошце”, таму трэба вяртацца ва ўспамінах да людзей, якія перадалі яе нам, і чэрпаць з іх сілу, каб ісці наперад. Важна памятаць пра свае духоўныя карані, а не жыць толькі сённяшнім днём, перакананы Пантыфік.

Паводле Папы, таксама важна памятаць пра Божы закон, які з’яўляецца жэстам любові з боку Пана, Які ўказаў нам правільны шлях. 

“Трэба вяртацца ў памяці да закону. Не халоднага закону, які выглядае сцісла юрыдычным, але закону любові, закону, які Пан запісаў у нашых сэрцах”

- сцвердзіў Францішак.

Пантыфік нагадаў пра сувязь паміж памяццю аб адкупленчай ахвяры Хрыста і надзеяй. Ён заклікаў вернікаў прысвяціць некалькі хвілін, каб вярнуцца ва ўспамінах да тых момантаў, калі сустрэлі Езуса, узгадаць пра людзей, дзякуючы якім атрымалі веру, і пра Божы закон, а затым спытаць сябе аб стане сваёй надзеі.

Рэпартаж са св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
07 чэрвеня 2018, 13:43