Пошук

Папа падчас Эўхарыстыі ў доме св. Марты Папа падчас Эўхарыстыі ў доме св. Марты  (ANSA)

Пантыфік: маліцца за ворагаў і любіць іх

Любіць ворагаў і маліцца за тых, хто нас пераследуе, – вось “таямніца”, якой хрысціяне павінны адпавядаць, сказаў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 19 чэрвеня 2018 г. цэлебраваў у Ватыкане.

Каментуючы літургічны евангельскі ўрывак (Мц 5,43-48), у якім Хрыстус заклікае любіць ворагаў і маліцца за тых, хто нас пераследуе, Святы Айцец заўважыў, што чалавеку складана наследаваць прыклад Нябеснага Айца, які мае ўсеабдымную любоў.

Мы разумеем, што “павінны прабачаць ворагаў”, штодзённа просім аб гэтым падчас малітвы “Ойча Наш”, кажучы “адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”, але, насамрэч, зрабіць гэта нялёгка, прызнаў Папа.

Тым не менш, былі людзі, якія так рабілі. Францішак нагадаў пра шматлікіх вернікаў, якія ў часы камуністычнага пераследу высылаліся ў Сібір толькі па той прычыне, што былі хрысціянамі, і там працягвалі маліцца за сваіх катаў. Ён узгадаў пра вязняў нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, якія рабілі тое самае.

Паводле Святога Айца, гаворка ідзе пра “складаную логіку” Езуса, якая ў Евангеллі ўвасабляецца ў словах малітвы і апраўдання тых, хто “забіваў Яго” на крыжы: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34). Езус прасіў аб прабачэнні для сваіх забойцаў, як і многія мучанікі, як, напрыклад, св. Стэфан падчас сваіх пакутаў.

“[У сем’ях сужонкам часам бывае вельмі цяжка прабачыць адзін аднаго пасля спрэчкі або прабачыць свякроў – гэта няпроста. Сыну папрасіць прабачэння ў бацькі – цяжка. А прабачыць тых, хто цябе забівае, хто хоча цябе знішчыць. Не толькі прабачыць, але маліцца за іх, каб Бог абараняў іх! Больш таго, любіць іх. Толькі слова Езуса можа гэта патлумачыць. Я не здольны зрабіць гэта лепш]”

– сказаў Францішак.

Разуменне хрысціянскай таямніцы прабачэння і быцця дасканалымі, як Айцец, які дае ўсе свае даброты і добрым, і дрэнным – гэта “ласка”, аб якой трэба прасіць Бога, дадаў ён.

“Будзе карысным сёння падумаць пра свайго ворага – думаю, усе мы маем кагосьці, хто ўчыніў нам зло, або хоча ўчыніць, або шукае магчымасці зрабіць гэта, – падумаць пра яго. Малітва мафіёзі – гэта: “Ты мне адплоціш”. Малітва ж хрысціяніна: “Пане, удзялі яму сваё благаслаўленне і навучы мяне любіць яго” (…) Давайце прасіць Бога, каб даў нам ласку любіць свайго ворага”, – сказаў Святы Айцец на завяршэнне сваёй гаміліі.

Рэпартаж з капліцы ватыканскага Дома св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
19 чэрвеня 2018, 12:39
Увесь кантэнт >