Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты Папа падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты  (Vatican Media)

Францішак: лёс і пакліканне хрысціян – сяброўства з Езусам

Нашым лёсам і пакліканнем з’яўляецца сяброўства з Хрыстом, падкрэсліў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 14 мая 2018 г. цэлебраваў у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

У гаміліі ён спаслаўся на літургічныя чытанні, прызначаныя Касцёлам на свята св. Мацея (Дз 1,15-17.20-26; Ян 15,9-17).

Каментуючы ўрывак з Дзеяў Апосталаў, у якім гаворка ідзе пра выбар Мацея апосталам, Папа заўважыў, што кожны хрысціянін атрымаў у дар сяброўства з Езусам, і яго пакліканнем з’яўляецца трыванне ў гэтым сяброўстве, што азначае блізкасць да сэрца Езуса. А Збаўца заўсёды застаецца верным свайму дару, нягледзячы на тое, што людзі часта аддаляюцца ад Яго праз грахі і капрызы.

Пантыфік нагадаў таксама словы з евангельскага чытання: “Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас”. Паводле яго, Езус быў верным у гэтым сяброўстве нават у адносінах да Юды. Апошнім словам, якое Пан скіраваў да яго перад здрадай, было “сябар”, заўважыў Францішак.

“Езус – наш сябар. А Юда, як кажуць Дзеі Апосталаў, пайшоў за сваім новым лёсам, які выбраў добраахвотна, адвярнуўся ад Езуса. У гэтым заключаецца вераадступніцтва – у адыходзе ад Езуса... Калі сябар становіцца ворагам або калі сябар становіцца абыякавым, ён ператвараецца ў здрадніка”

- заўважыў Папа і дадаў, што замест Юды быў выбраны менавіта Мацей.

Пантыфік падкрэсліў, што сябрам з’яўляецца той, з кім дзелімся сакрэтамі. У сувязі з гэтым ён працытаваў словы Хрыста: “Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам”.

“Падумаем пра тое, што Езус не адракаецца ад гэтага дару, не выракаецца нас, чакае нас аж да канца. А калі па нашай слабасці мы адварочваемся ад Яго, Ён чакае і працягвае казаць: “Сябар, чакаю цябе... Чаго ты жадаеш? Сябар, чаму здраджваеш мяне пацалункам?”. Ён верны ў сяброўстве і мы павінны прасіць Яго аб ласцы трывання ў Яго любові, трывання ў Яго сяброўстве, тым сяброўстве, якое атрымалі ад Яго ў дар падчас лёсавання”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі, спасылаючыся на выбар св. Мацея, на якога выпаў лёс.

Відэасюжэт аб св. Імшы ў капліцы ватыканскга Дому св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
14 мая 2018, 12:52
Чытаць усё >