Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: “рэфрэн” Евангелля – міласэрнасць, а не пакаранне

Пан – блізкі да нас, у сваім спачуванні Ён бярэ на сябе нашы праблемы, грахі і духоўныя хваробы, - сказаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 16 студзеня 2020 г. цэлебраваў у ватыканскім Доме св. Марты.

У гаміліі Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангелля св. Марка пра аздараўленне пракажонага (1, 40-45). Святы Айцец заклікаў вернікаў звярнуць увагу на спачуванне Езуса, Які прыйшоў, каб даць жыццё грэшнікам.

Пантыфік пракаментаваў пакорную просьбу хворага на праказу: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. Гэта вельмі “простая малітва”, якая выходзіць з глыбіні сэрца, “акт даверу”, а ў той жа час “сапраўдны выклік”, бо такая малітва “прыцягвае ўвагу Бога”, - зазначыў Францішак.

Паводле Папы, пракажоны звярнуўся да Езуса такім чынам, бо ведаў як Ён дзейнічае, бачыў літасць Езуса. Менавіта “спачуванне”, а не пакаранне, з’яўляецца “рэфрэнам” Евангелля і мае аблічча ўдавы з Наіна, Добрага Самараніна, бацькі блуднага сына.

“Спачуванне завалодвае, ідзе з сэрца і завалодвае, стымулюе цябе рабіць штосьці. Спачуваць – значаць цярпець з кімсьці, браць на сябе боль іншага, каб спыніць яго, каб аздаравіць чалавека. Гэта была місія Езуса. Езус прыйшоў не для таго, каб распавесці пра закон і адысці. Езус прыйшоў са спачуваннем, прыйшоў, каб пакутаваць з намі і аддаць сваё жыццё. Вельмі вялікай з’яўляецца любоў Езуса, а спагада Хрыста прывяла Яго аж да крыжа, да ахвяравання жыцця”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў вернікаў браць прыклад з евангельскага пракажонага і таксама звяртацца да Хрыста, шматразова паўтараючы на працягу дня простыя словы малітвы, прызнаючы сябе грэшнікам і просячы Яго аб літасці, міласэрнасці і спагадзе. Езус прыйшоў менавіта для таго, каб узяць на сябе нашы пакуты, нашы праблемы, а не для таго, каб “сказаць тры-чатыры прамовы”, “умыць рукі” і адысці, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што Хрыстус прыйшоў менавіта дзеля грэшнікаў, і чым больш грахоў зрабіў чалавек, тым бліжэй да яго знаходзіцца Езус. “Возьмем сабе за звычку паўтараць гэтую малітву, заўсёды: “Пане, калі хочаш, можаш... Калі хочаш, можаш...”, з упэўненасцю, што Езус побач з намі, а Яго спагада возьме на сябе нашы праблемы, нашы грахі, нашы духоўныя хваробы...”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 студзеня 2020, 12:33
Чытаць усё >