Перу: новае жыццё дабрачынных праектаў Папы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
З 2014 па 2023 год Роберт Прэвост, будучы біскупам у Перу, распачаў шэраг ініцыятыў у сферах адукацыі, медыцыны, эканомікі і экалогіі. Пасля яго абрання на Пасад святога Пятра, было вырашана аднавіць гэтыя праекты. Адмысловае пагадненне было заключана паміж мясцовымі касцёльнымі супольнасцямі і прадстаўнікамі сацыяльна-эканамічнага сектара.
Найбольш незвычайная ініцыятыва – выпуск марозіва з белага шакаладу ў выглядзе Папы пад назвай “Papaleta”. Выручаныя сродкі ад яго продажу будуць накіраваныя на фінансаванне адукацыйных праграм, у прыватнасці, на стварэнне прасторы для папулярызацыі чытання сярод дзяцей.
Яшчэ адна ініцыятыва – сетка дабрачынных цэнтраў, якія абслугоўваюць каля 800 чалавек, што жывуць у стане беднасці. Ежа, лекі, адзенне і рэчы першай неабходнасці будуць пастаўляцца 25 кампаніямі, што ўваходзяць у гандлёва-прамысловую палату горада Ламбаек, і распаўсюджвацца праз мясцовыя парафіі.
Іншы праект – аднаўленне дзейнасці цэнтра кіслароднай тэрапіі ў горадзе Мачумі, заснаванага біскупам Прэвостам падчас пандэміі COVID-19. Для захавання яго працы будзе арганізаваны збор ахвяраванняў.
Падтрымку атрымае таксама малы бізнес: нямецкая арганізацыя па супрацоўніцтве ў галіне развіцця створыць спецыяльны хаб, які будзе прадастаўляць інструменты і аказваць падтрымку людзям з інавацыйнымі бізнес-ідэямі.
Экалагічныя ініцыятывы Роберта Прэвоста працягнуцца ў выглядзе добраўпарадкавання і аховы гарадскога асяроддзя Чыклая. Мясцовы “Rotary Club” і Універсітэт Уладара Сіпана ўзначаляць праект па павелічэнні колькасці дрэў, паляпшэнні кіравання адходамі і правядзенні адукацыйных кампаній па ахове навакольнага асяроддзя.