Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Старшыня епіскапату павіншаваў Папу Льва XIV з абраннем Пантыфікам. У сваім віншаванні ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і вернікаў краіны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што гэта падзея глыбока кранальная для супольнасці Касцёла і для ўсяго свету і "мы, верныя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прымаем абранне новага Біскупа Рыма з вялікай радасцю, надзеяй і сыноўняй адданасцю". Тым часам біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй звярнуўся да вернікаў дыяцэзіі з просьбай падтрымаць малітвай Святога Айца і яго служэнне Касцёлу.
Найстарэйшы іерарх Беларусі адзначыў 80-годдзе ў Чэнстахове. Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец служыў 5-6 мая 2025 года ў знакамітым санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай у Польшчы. Пад сусветна вядомай цудатворнай іконай іерарх адзначыў 5 мая юбілей. У Яснагорскі кляштар біскуп прыехаў не толькі, каб падзякаваць Маці Божай за 80 гадоў свайго жыцця, але і каб маліцца ля цудатворнага абраза аб завяршэнні будаўніцтва ў Гомелі святыні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Спатканне рухаў і супольнасцяў адбылося ў Будславе. 1 мая 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Нагадаўшы, што будслаўская святыня – юбілейная, і разважаючы над дэвізам Юбілейнага году "Пілігрымы надзеі", іерарх адзначыў, што пілігрым – гэта кожны вернік, а мэта ягонага шляху – вяртанне ў дом Айца.
Пілігрымка з Пінска рухаецца ў Лагішын. 10 мая 2025 года аднадзённае пешае паломніцтва выйшла да санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся, галоўнай Апякункі Пінскай дыяцэзіі, дзе захоўваецца старадаўні цудадзейны абраз Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам. Пілігрымка традыцыйна збірае звыш ста ўдзельнікаў. Напярэдадні ў Пінскай катэдры адбылася сустрэча моладзі з канцэртам, вогнішчам і забавамі. Сёлета дапаможны біскуп дыяцэзіі Андрэй Зноска запрасіў далучыцца да сустрэчы моладзі і пілігрымкі вернікаў з усёй Беларусі.
Дзень маці шырока адзначылі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Святкаванні з гэтай нагоды прайшлі 4 мая 2025 года ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. У той жа дзень адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы. А ў санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах прыбыла пешая пілігрымка Ашмянскага дэканату. Тут урачыстую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі – асаблівай малітвай іерарх агарнуў на літургіі ўсіх маці і нагадаў, каб кожная з іх клапацілася пра рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.
"Сяліба Беззаганнай" урачыста адкрыта ва Ўдзеле. 3 мая 2025 года ў гэтай вёсцы ў Глыбоцкім раёне, у парафіі, якой апякуюцца айцы францішкане, прайшло свята з нагоды адкрыцця Дома Марыі. Гэта месца духоўнага адпачынку і ўзросту для моладзі, а ў будучым – для кожнага жадаючага. Святочную Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам с святарамі, якія прыехалі з розных мясцін краіны. Затым іерарх благаславіў новы будынак.
Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.