Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кароткія канклавы: тэндэнцыя апошніх двух стагоддзяў

За апошнія два стагоддзі працэс выбару Папы значна паскорыўся – ніводны канклаў не працягвалася больш за пяць дзён, нягледзячы на павелічэнне колькасці кардыналаў-выбаршчыкаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гісторыя выбараў Рымскіх Пантыфікаў паказвае цікавую тэндэнцыю: з пачатку XIX стагоддзя працэс выбару Наступніка Пятра становіцца ўсё больш эфектыўным. Рэформы, уведзеныя пантыфікамі ў апошнія дзесяцігоддзі, значна спрасцілі працэдуру выбару новага Папы, што дазваляе кардыналам-выбаршчыкам прымаць рашэнне ў кароткія тэрміны.

Усяго 24 гадзіны для выбару Пантыфіка

Два апошнія канклавы 2005 і 2013 гадоў, якія прывялі да абрання Бэнэдыкта XVI і Францішка, доўжыліся ўсяго два дні, хоць фактычна гэта быў перыяд не больш за 24 гадзіны. Папа Бэнэдыкт XVI быў абраны ў чацвёртым галасаванні, а Папа Францішак – у пятым.

Гістарычны момант 16 кастрычніка 1978 года

Дарэчы, выбар Яна Паўла II заняў крыху больш часу – тры дні, але толькі таму, што ў першы дзень, 14 кастрычніка 1978 года, галасаванне не праводзілася. Пасля васьмі галасаванняў, 16 кастрычніка, арцыбіскуп кракаўскі, кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам, што стала гістарычнай падзеяй для Касцёла.

Яго папярэднік, Ян Павел I, быў абраны ўжо ў чацвёртым галасаванні, Павел VI – у шостым, на трэці дзень канклава.

14 галасаванняў пасля Першай сусветнай вайны

Найбольш працяглымі за апошнія 200 гадоў былі канклавы 1903 і 1922 гадоў, якія доўжыліся пяць дзён. Канклаў 1922 года, які прывёў да абрання Пія XI, скончыўся толькі пасля 14 галасаванняў. Гэта быў першы канклаў пасля Першай сусветнай вайны і праходзіў к складанай геапалітычнай сітуацыі.

Былы апостальскі нунцый у Польшчы кардынал Акіле Раці, будучы Пій XI, быў абраны як "кандыдат кампрамісу" пасля працяглых дыскусій паміж кардыналамі.

Нечаканы выбар Яна XXIII

Чатыры дні працягваўся канклаў 1958 года, на якім абралі Яна XXIII, пры гэтым рашэнне было прынята пасля 11 галасаванняў. Сярод кардыналаў існаваў падзел паміж прыхільнікамі працягу курсу Пія XII і тымі, хто жадаў абнаўлення Касцёла – выбар кардынала Ранкалі для многіх стаў нечаканасцю.

Апошняе вета ў гісторыі канклаваў

Цікавым выпадкам у гісторыі канклаваў з'яўляецца пяцідзённы выбар у 1903 годзе. Да яго зацягвання прычыніўся кракаўскі кардынал Ян Пузына, які выкарыстаў права вета ад імя імператара Аўстра-Венгрыі Франца Іосіфа супраць кандыдатуры кардынала Марыяна Рампалы дэль Тындара. Зрэшты, абраны ў выніку кардынал Джузэпэ Мельхіёрэ Сарта, ужо ў якасці папы Пія X, канстытуцыяй "Commissum Nobis" адмяніў права вета, што стала важным крокам да большай незалежнасці Касцёла ад свецкіх улад.

Апошнія дзесяцігоддзі паказваюць, што нягледзячы на ўзрастаючую колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў з усяго свету, працэс выбару новага Пантыфіка становіцца больш дынамічным і эфектыўным, што сведчыць пра добрую арганізацыю працэдуры і выразнае разуменне кардыналамі задач, якія стаяць перад Касцёлам у сучасным свеце.
 

08 мая 2025, 10:54