Біскупы з шасці еўрапейскіх краін правялі сустрэчу ў Парыжы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На працягу двух дзён, 30-31 студзеня 2025 года, у сталіцы Францыі праходзіла сустрэча старшынь біскупскіх канферэнцый і іншых высокапастаўленых прадстаўнікоў Касцёла з Францыі, Германіі, Швейцарыі, Бельгіі, Люксембурга і Аўстрыі, паведамляецца ў сумеснай заяве ад 1 лютага 2025 года.
Сярод удзельнікаў былі кардынал Жан-Клод Олерыш з Люксембурга, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор з Францыі, біскуп Георг Бэтцынг з Германіі, біскуп Шарль Марэрод са Швейцарыі, а таксама генеральны сакратар бельгійскай біскупскай канферэнцыі Бруна Спрыет. Аўстрыйскую біскупскую канферэнцыю прадстаўляў яе старшыня, арцыбіскуп Зальцбурга Франц Лакнер.
Згодна з апублікаванай інфармацыяй, цэнтральнымі тэмамі абмеркавання сталі Святы 2025 год, роля нацыянальных біскупскіх канферэнцый у "дынаміцы сінадальнасці", адносіны з Святым Пасадам і пашырэнне ролі свецкіх у касцельным кіраванні.
Асобная частка сустрэчы была прысвечана міжрэлігійнаму дыялогу. Яна праходзіла пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў французскай біскупскай канферэнцыі, адказных за сувязі з ісламам і юдаізмам.
Удзельнікі нарады таксама абмеркавалі сітуацыю ва Украіне, у Газе і ў афрыканскай зоне Сахель, дзе, як адзначаецца ў заяве біскупскіх канферэнцый, "гуманітарная сітуацыя застаецца трывожнай". Асаблівая ўвага была нададзена ўплыву канфліктаў на мясцовыя хрысціянскія супольнасці.
Важнай падзеяй сустрэчы стала правядзенне набажэнства ў нядаўна адноўленым катэдральным саборы Нотр-Дам дэ Пары.
Як паведамляецца, гэта другая сустрэча ў такім пашыраным фармаце. Раней на працягу многіх гадоў існаваў фармат абмену паміж старшынямі біскупскіх канферэнцый Швейцарыі, Францыі і Германіі, які быў пашыраны дадатковымі краінамі ў 2024 годзе.