Пошук

Кардынал Матэа Дзупі Кардынал Матэа Дзупі  (ANSA)

Кардынал Дзупі сфармуляваў мэты мірнай місіі ва Украіне

"Я зраблю ўсё магчымае, каб не рэагаваць на вайну пасіўна", - заявіў кардынал Матэа Дзупі, якому Святы Айцец даручыў місію па садзейнічанні зняццю напружанасці ў канфлікце ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У кулуарах прэс-канферэнцыі, на якой падводзіліся вынікі 77-й Пленарнай асамблеі Канферэнцыі біскупаў Італіі, яе старшыня, адказваючы на пытанні журналістаў, прызнаўся, што рыхтуецца да місіі, каб прынесці "блізкасць" Касцёла і "змякчыць наступствы жудаснай сітуацыі, максімальна дапамагаючы ўсяму, што будзе спрыяць дыялогу, усяму, што дазволіць не рэагаваць на вайну пасіўна".

Арцыбіскуп Балонскі адзначыў, што місія, якой хоча Папа Францішак, – прадэманстраваць прысутнасць Касцёла. "У гэтым яе сапраўдны змест. Мы не можам заставацца сведкамі вайны, не будучы блізкімі да ахвяр", - падкрэсліў ён.

Іерарх не даў адказу на пытанне, ці мэтай яго падарожжа стануць і Кіеў, і Масква. Ён дадаў, што адчувае цяжар місіі, ускладзенай на яго Пантыфікам, але таксама і падтрымку вельмі многіх людзей, якія пакутуюць ад канфлікту такога маштабу.
 

26 мая 2023, 15:57