Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Свята з нагоды пасвячэння новага касцёла праходзіць у Мінску. У сталічным мікрараёне Новая Баравая 20 мая 2023 года Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў урачыстую цэлебрацыю ў новазбудаванай святыні парафіі Святога Францішка. Касцёл пабудаваны ў традыцыйным францішканскім стыле, але ў раманскіх абрысах з’ядналіся як італьянскія, так і беларускія архітэктурныя матывы. Гонарам касцёла з’яўляецца таксама духавы арган, выраблены ў Германіі. Свята праходзіць з удзелам біскупаў і прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, пасля святой Імшы запланаваны шэраг канцэртаў.

Цэнтральныя ўрачыстасці па ўшанаванні святога Андрэя Баболі праходзяць у Пінскай дыяцэзіі. З удзелам пілігрымаў з розных парафій апостала Палесся ўшаноўваюць 20 мая 2023 года ў Янаве Палескім (Іванава), дзе ў 1657 годзе гэты каталіцкі прапаведнік быў замучаны і жорстка забіты ваяўнічымі праваслаўнымі казакамі. Урачыстасці пачаліся з супольнай малітвы каля крыжоў Еднасці, затым у праграме – працэсія да касцёла Узвышэння Святога Крыжа, святая Імша, канцэрт арганнай музыкі.

У Гродне праходзіць Велікодная сустрэча моладзі. У касцёле Божай Міласэрнасці 20 мая 2023 года збіраецца каталіцкая моладзь горада над Нёманам. Запланавана святая Імша, знаёмства ўдзельнікаў сустрэчы, разважанні пра Уваскрослага Хрыста, шлях Святла вакол касцёла.

Выклікі і заданні катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі абмеркавалі ў Полацку. На малітоўна-фармацыйнай сустрэчы з удзелам біскупа Алега Буткевіча 17 мая 2023 года сабраліся выкладчыкі катэхезы з парафій дыяцэзіі. Сярод прапаноў, якія прагучалі, – неабходнасць падрыхтаваць адзіную праграму катэхезы на адным узроўні, распрацаваць гадавы план фармацыі, размясціць матэрыялы да спампавання, праводзіць фармацыю свецкіх катэхетаў, развіваць душпастырскія суполкі па-за рамкамі катэхезы.

Альбом хрысціянскіх спеваў выпусціла каталіцкая верніца. Зборнік Крыніца супакою аўтар-выканаўца Вольга Хілько з Мінску выклала 15 мая 2023 года на сваім канале ў YouTube. У альбом увайшлі спевы, якія верніца прэзентавала раней, а таксама новыя. Вольга сама піша тэксты і музыку, спявае пад гітару. У студыйным запісе таксама задзейнічалі скрыпку, клавішы, бэк-вакал.

Вынікі працы за год прадставілі на сустрэчы ў межах адукацыйнага праекту для кансэкраваных асоб у Мінску. 15 мая 2023 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры адбылася заключная сустрэча першага года адукацыйнага праекту, скіраванага на павышэнне асабістых кампетэнцый кансэкраваных асоб. Наведалі сустрэчу мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і яго папярэднік, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Каманды прадставілі прэзентацыю працы па катэхізацыі, душпастырстве медыкаў, працай са СМІ, моладдзю і сем’ямі, падзяліліся сваімі напрацоўкамі, праблемамі, досведам.

Фармацыйную сустрэчу для маладых святароў зладзілі ў Тракелях. 15 мая 2023 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў з маладымі святарамі разважалі аб супрацоўніцтве вікарыя з пробашчам. Цэнтральнай часткай сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ён звярнуў увагу, што годнасць прэзбітэрату патрабуе ад духоўных асобаў святасці і вернасці, бо Касцёл і ўсе людзі маюць права чакаць ад іх паводзінаў, годных святара.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

20 мая 2023, 10:18