Пошук

Арцыбіскуп Тарчызіа Кікучы Арцыбіскуп Тарчызіа Кікучы 

Арцыбіскуп Токіа – новы старшыня Caritas Internationalis

65-гадовы арцыбіскуп Такійскі Тарчызіа Ісаа Кікучы стаў новым старшынёй Caritas Internationalis. Японскі іерарх быў абраны на гэту пасаду 13 мая 2023 года падчас ХХII Генеральнай асамблеі арганізацыі, якая праходзіць у Рыме.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Арцыбіскуп Кікучы будзе кіраваць найбуйнейшым каталіцкім дабрачынным аб’яднаннем на працягу чатырохгадовага тэрміну. Іерарх з’яўляецца членам Таварыствам Божага слова, мае багаты вопыт місіянерскай працы ў Афрыцы, на працягу васьмі гадоў нёс святарскае служэнне ў Гане. Ён займае пасаду старшыні Канферэнцыі Біскупаў Японіі і Генеральнага сакратара Федэрацыі Канферэнцый Біскупаў Азіі.

Тарчызіа Кікучы звязаны са структурамі Caritas на працягу амаль 30-ці гадоў. У 1995 годзе ён працаваў у якасці валанцёра ў лагерах бежанцаў у Заіры, потым быў кіраўніком японскага аддзялення арганізацыі, а з 2011 па 2019 год узначальваў Caritas Asia. На пасадзе старшыні Caritas Internationalis іерарх змяніў філіпінскага кардынала Луіса Антоніа Тагле.

“Дапамагаць людзям ведаць, што яны не забытыя – вось сапраўдная місія Caritas”, - сказаў арцыбіскуп Кікучы ў інтэрв’ю Vatican News. Ён заўважыў, што Caritas Internationalis – гэта другая найбуйнейшая гуманітарная арганізацыя ў свеце пасля Міжнароднага Чырвонага крыжа. Але яе місія не абмяжоўваецца толькі гуманітарнай дапамогай.

“Мы – арганізацыя Каталіцкага Касцёла і знаходзімся на службе яму. Гэта значыць, што Caritas павінна быць сведчаннем Божай любові. Тое, што мы робім – гэта не толькі забяспечваем ежай, матэрыяльнай ці іншага роду дапамогай, але сведчым таксама пра любоў Бога, паказваем людзям, што Пан любіць усіх”, - падкрэсліў японскі іерарх, заклікаючы валанцёраў аб’яднання ва ўсім свеце сведчыць пра любоў Бога праз сваё служэнне.
 

15 мая 2023, 10:24