Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе адбываецца малітоўная сустрэча з удзелам біскупа Казіміра Велікасельца і Легіёна Марыі. 1 красавіка 2023 года ў Нацыянальным санктуарыі праходзіць чарговая сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Гэтым разам на сустрэчу сабраліся ўдзельнікі руху Легіён Марыі з усёй Беларусі, разам з імі моліцца Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі.

Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі звярнуўся з пастырскім словам. Архімандрыт Сяргей Гаек 30 сакавіка 2023 года падзякаваў Папу Францішку ад імя ўсёй супольнасці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі за заснаванне Апостальскай Адміністратуры. "У гэты гістарычны дзень дзякуем Міласэрнаму Госпаду, што такім чынам нястомныя душпастырскія намаганні нашых вернікаў, святароў, дыяканаў, семінарыстаў, манахаў і манахіняў дзеля аднаўлення душпастырскага жыцця беларускіх грэка-католікаў атрымліваюць новае кананічнае вымярэнне", – адзначыў іерарх.

Праведзена абследванне закрытага ўжо больш за паўгода касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску. На нарадзе ў Мінгарвыканкаме 27 сакавіка 2023 года паведамілі, што "вызначаны аб'ём неабходных аднаўленчых работ, цяпер адбываецца выбар праектнай арганізацыі". Якія менавіта працы неабходна правесці, а таксама іх тэрмін, не паведамляецца. Па-ранейшаму не названы і вынікі расследвання інцыдэнту з пажарам, пасля якога гарадскія ўлады забаранілі эксплуатацыю будынка.

Сотні вернікаў узялі ўдзел у агульнагарадскім Крыжовым шляху ў Баранавічах. 26 сакавіка 2023 года вернікі з розных парафій прайшлі ад старадаўняга касцёла Узвышэння Святога Крыжа вуліцамі цэнтральнай часткі горада, разважаючы над прыпынкамі Крыжовага шляху. Разважанні, якія па чарзе чыталі прысутныя святары і сёстры законныя, суправаджаліся малітвамі ў некалькіх інтэнцыях: за Касцёл, за Бацькаўшчыну, за розныя групы людзей.

Велікапосная сустрэча моладзі праходзіць у Гродне. 1 красавіка 2023 года ў касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля запрасілі юнакоў і дзяўчат з парафій горада. У праграме сустрэчы – святая Імша, Крыжовы шлях, адарацыя Крыжа, прысвячэнне моладзі Хрысту.

У віцебскай катэдры прайшлі рэкалекцыі па тэме вызвалення ад алкагольнай залежнасці. У парафіі Езуса Міласэрнага з 30 сакавіка па 1 красавіка 2023 года адмысловыя духоўныя практыкаванні ладзіла супольнасць людзей, якія сталі на шлях аздараўлення. Удзельнікі слухалі канферэнцыі, мелі сямейныя спатканні, маліліся падчас святой Імшы, адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, Крыжовага шляху, пакутнага набажэнства.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

01 красавіка 2023, 07:25