Пошук

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Арцыбіскуп Гуджэроці прызначаны легатам на ўрачыстасці ў Будславе

Папа прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці, прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, сваім спецыяльны пасланнікам на ўрачыстасці 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай адбудуцца з 30 чэрвеня па 1 ліпеня 2023 года.

Арцыбіскуп Гуджэроці не аднойчы наведваў Будслаў падчас свайго служэння ў якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Падчас святой Імшы ў беларускім Нацыянальным марыйным санктуарыі, якую цэлебраваў падчас урачыстасцей у ліпені 2015 года, ён заўважыў, што ў гэтым месцы Маці Божая чакае ўвесь народ.

Яна “не чакае апладысментаў, не чакае моцы” – “Яна ціха чакае”, каб сказаць: “Мой сын, мая дачка, Я тут, і Я тут для цябе”. У тыя часы, калі ўсё намагаліся знішчыць, Маці Божая заставалася ў Будславе, “чакаючы, калі народ вернецца да Яе”, - “і гэты дзень прыйшоў”, - падкрэсліваў прадстаўнік Святога Айца.

Арцыбіскуп Гуджэроці будзе не першым папскім пасланнікам на ўрачыстасцях у Будславе. Раней у іх бралі ўдзел старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран, у 2013 годзе з нагоды 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Багародзіцы ў Будславе, і арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн у 2016 годзе з нагоды 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай Мітраполіі.
 

29 красавіка 2023, 13:58