Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Адышла ў вечнасць маці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. 10 сакавіка 2023 года Гэлена Станеўская спачыла на 85-м годзе жыцця. Пахаванне адбудзецца 13 сакавіка ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.

У Будславе ўдзельнікі рухаў Маці ў малітве і Маргарытка маліліся з біскупам Юрыем Касабуцкім. На сустрэчу на чале з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабраліся звыш 700 вернікаў з 35 парафій з усіх дыяцэзій Беларусі. 4 сакавіка 2023 года ў Нацыянальным санктуарыі адбылася ўжо шостая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны духоўнай падрыхтоўкі да 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выпісаны са шпіталя пасля паспяховай аперацыі. 3 сакавіка 2023 года заслужаны іерарх вярнуўся дадому і падзякаваў Богу, лекарам і ўсім, хто за яго моліцца. Арцыбіскуп эмерыт паведаміў, што перанёс аперацыю з прычыны выяўленай меланомы, "даверыў сябе Богу і маліўся аб здароў’і, але пры гэтым згаджаўся з Божай воляй". На аперацыйны стол ён лёг "з вераю, што, з Божай дапамогай і заступніцтвам Марыі, лекары змогуць зрабіць усё магчымае".

Святога Казіміра, апекуна дыяцэзіі, ушанавалі ў гродзенскай катэдры. 4 сакавіка 2023 года цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы тут узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся да прысутных, іерарх падкрэсліў, што асоба святога каралевіча звязана з горадам над Нёманам, дзе Казімір адышоў у вечнасць. Да малітвы далучыліся адміністрацыя і навучэнцы Тэалагічнага каледжа ў Гродне, які носіць тытул гэтага святога.

На моладзевым спатканні ў вёсцы Удзела Глыбоцкага дэканата сабраліся юнакі і дзяўчаты з розных куткоў Беларусі. 3-5 сакавіка 2023 года тут прайшоў чарговы Weekend з Марыяй. Разам са святаром маладыя людзі абмяркоўвалі тэму Застацца сабой у адносінах і супольна маліліся. Кожная сустрэча ўікендаў мае сваю тэматыку, якую прапануе моладзь.

У Мінску адбылася сустрэча з аўтарамі і складальнікамі кнігі пра кардынала Казіміра Свёнтка. Выданне Мяне заўсёды ратавала вера… — гэта зборнік успамінаў пра незвычайную асобу першага ў гісторыі Каталіцкага Касцёла сучаснай Беларусі кардынала. 5 сакавіка 2023 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры пазнаёмілі з кнігай і падзяліліся ўспамінамі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Аліна Новікава і Крыстына Лялько.

Велікапосныя рэкалекцыі правялі ў гродзенскай семінарыі. У глыбейшым перажыванні асаблівага літургічнага перыяду будучым святарам дапамагаў пробашч навагрудскай парафіі ксёндз Юрый Жэгарын. Ён прывёў прыклады сведчанняў таго, як вера дапамагла знайсці выхад, здавалася б, у безвыходных з чалавечага пункту гледжання сітуацыях.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

11 сакавіка 2023, 07:10