Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў Мінску памаліўся за супрацоўнікаў медыя. 24 студзеня 2023 года, ва ўспамін святога Францішка Сальскага і Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, у катэдральным касцёле Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, на якую былі запрошаны журналісты і супрацоўнікі СМІ. На заканчэнне іерарх удзяліў ім спецыяльнае пастырскае благаслаўленне.

Акт вандалізму ў магілёўскай катэдры ўчынілі п’яныя падлеткі. Стала вядома, што 18- і 17-гадовы юнакі ўвечары 19 студзеня 2023 года распівалі спіртныя напоі, апынуліся каля касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Паводле праваахоўнікаў, старэйшы з прыяцеляў разбіў камянямі шыбы ў вокнах, а малодшы знёс элемент каляднай дэкарацыі, які кінуў непадалёк ад месца здарэння. Следчымі ўзбуджана крымінальная справа па факце хуліганства.

Прадстаўнікі розных канфесій разам маліліся ў Гродне аб адзінстве хрысціянаў. 25 студзеня 2023 года ў катэдры адбылося экуменічнае набажэнства, якое ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У малітве таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, Царквы поўнага Евангелля. У ходзе набажэнства з кароткімі прамовамі да ўдзельнікаў звярнуліся прадстаўнікі канфесій.

Адбыўся Першы Мінскі біблійны марафон. 22 студзеня 2023 года, у Нядзелю Божага слова, 277 чалавек ўзялі ўдзел у агульным чытанні Бібліі. Марафон стаў першай падобнай ініцыятывай у Беларусі і быў арганізаваны ксяндзамі з законніцкай супольнасці хрыстусоўцаў. Сутнасць заключалася ў тым, што кожны зарэгістраваны ўдзельнік атрымаў анлайн раздзел са Святога Пісання для самастойнага чытання, разважання над ім і дзялення сваімі думкамі з іншымі. Такім чынам падчас Марафону быў прачытаны ўвесь Новы Запавет.

У Віцебску біскуп заснаваў Катэхетычную раду. Яна пачала працу 25 студзеня 2023 года пры катэхетычным аддзеле Курыі. Такім чынам біскуп Віцебскі Алег Буткевіч дэлегаваў частку сваіх паўнамоцтваў па рэлігійным асветніцтве ў дыяцэзіі. Рада створаная, каб спрыяць лепшай арганізацыі катэхетычнай дзейнасці ў парафіях. На першай сустрэчы рада абмеркавала актуальнасць катэхетычных праграм і дапаможнікаў, рэгіянальныя асаблівасці парафій і іх значэнне для катэхезы.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прызначыў новага кіраўніка Касцёльнага суда ў Мінску. Паводле дэкрэта Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з 24 студзеня 2023 года ксёндз Кірыл Бардонаў стаў афіцыялам Міждыяцэзіяльнага Трыбунала ў Мінску. На гэтай пасадзе ён будзе бліжэйшыя пяць гадоў. Ягоны папярэднік, ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, працягне працу ў Трыбунале ў якасці суддзі.

Працягваецца перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў Маці Божай па беларускіх парафіях. 21 студзеня 2023 года копіі 14 найбольш шанаваных у Беларусі цудадзейных абразоў Панны Марыі даставілі ў старадаўні касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Калецыя копій Марыйных ікон прабудзе тут два тыдні. На працягу гэтага часу штодня падчас набажэнстваў будзе адбывацца асаблівае духоўнае знаёмства з кожнай з выяваў Багародзіцы.

У Глыбокім з-за недахопу святароў з’явіліся свецкія асістэнты для ўдзялення Святой Камуніі. Біскуп Віцебскі даў адмысловы дазвол двум вернікам з парафіі. Такая патрэба з’явілася з-за вялікай колькасці парафіян на святой Імшы ў нядзелю і ўрачыстасці і з-за недахопу святароў. Кодэкс кананічнага права прадугледжвае ў такіх выпадках магчымасць раздавання Святой Камуніі спецыяльна падрыхтаванымі для гэтага свецкімі вернікамі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

28 студзеня 2023, 08:42