Пошук

Лагатып 45-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі Лагатып 45-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі 

Словы падтрымкі Францішка ўдзельнікам навагодняй сустрэчы Тэзэ

Святы Айцец заахвоціў удзельнікаў 45-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ ў Ростаку, да адказу на выклікі сучаснасці, асабліва тыя, якія тычацца міру ў свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Форум стартуе ў Германіі 28 снежня 2022 года і працягнецца да 1 студзеня 2023 года. Пасланне ад імя Папы падпісаў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, субстытут у Дзяржсакратарыяце.

“Яго Святасць Папа Францішак жадае выказаць вам сваю духоўную блізкасць і падтрымку. Ён шчаслівы, што пасля некалькіх гадоў пандэміі вы можаце сустрэцца зноў, і гэта з'яўляецца прыгожым знакам надзеі”, - гаворыцца ў тэксце.

Асаблівай трагедыяй, з якой сутыкнуўся сённяшні свет, Пантыфік лічыць узнаўленне вайны ў Еўропе. “Што можна зрабіць разам, каб будаваць мір і большае чалавечае братэрства? Мы павінны мець яснае ўсведамленне зла, якое нас акружае, а таксама зла, якое часам прысутнічае ў нашых сэрцах. Перад абліччам зла тэма, якая збірае вас у гэтым годзе, Духоўнае жыццё і салідарнасць, прывядзе вас да выбару даверу да Бога, не ўпадаючы ў адчай ад лёсу чалавечага роду”, - адзначаецца ў пасланні.

Папа перакананы ў тым, што “практыкуючы салідарнасць паміж людзьмі, узмоцненую прысутнасцю Пана”, можна адчуць, наколькі Бог можа дзейнічаць праз чалавека ў праекце змены свету.

Сёння многія маладыя людзі жывуць з трывогай, а часам і страхам, - звяртаецца ўвага ў тэксце. “Мы бачым у Евангеллі, што Езус рыхтуе сваіх вучняў супрацьстаяць страху, які паралізуе, які блакіруе ўсякую ініцыятыву, які ізалюе. Ён абяцае ім не лёгкасць, а свой спакой. Прыняўшы Духа Святога, вы зможаце адкінуць несправядлівасць ва ўсіх яе формах, адначасова дазволіўшы ў сабе саспець так, што дасць магчымасць вам разам шукаць адказы на выклікі нашага часу”, - рэкамендаваў Францішак.

Папа запрасіў маладых людзей “заняць належнае месца” ў сінадальным працэсе, які працягваецца ў Касцёле, і маліцца аб тым, каб “народ Божы слухаў Духа Святога, каб добрая вестка пра Езуса лепш абвяшчалася свету, з радасцю і надзеяй, якія яна нясе кожнаму чалавеку”.

Пантыфік просіць Духа Святога абудзіць і падтрымаць у маладых людзях тое так, якое Ён абудзіў у сэрцы Панны Марыі.
 

28 снежня 2022, 10:36