Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Кардынал Чэрны: Касцёл для бедных – не ідэалогія

З лекцыяй на тэму: Евангелізацыя і інтэгральнае развіццё чалавека выступіў у нямецкім Майнцы з нагоды 400-годдзя заснавання Кангрэгацыі распаўсюджвання веры кардынал Майкл Чэрны.

Марыя Валодзіна – Vatican News

"Прэферэнцыйны выбар на карысць бедных не з'яўляецца ідэалагічным і не адпавядае палітычнаму бачанню Касцёла, гэта выбар, які вынікае з сустрэчы з Хрыстом", - адзначыў 9 снежня 2022 года прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

“Касцёл атрымаў ад Езуса місію – быць евангельскай закваскай грамадскага жыцця", - звярнуўся ён да ўдзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай у Майнцы з нагоды 400-годдзя з дня заснавання Кангрэгацыі распаўсюджвання веры (у цяперашні час - Дыкастэрыя па евангелізацыі) Міжнародным інстытутам місіялагічных даследаванняў і часопісам “Місіялогія і рэлігійныя даследаванні”.

У сваёй доўгай праграмнай прамове кардынал Чэрны нагадаў, што сацыяльнае вучэнне Касцёла сфарміравалася як арганічнае разуменне драматычных сацыяльных праблем часоў Прамысловай рэвалюцыі, дзякуючы разважанням і грамадскай дзейнасці многіх свецкіх вернікаў, якія паклалі пачатак так званаму Каталіцкаму руху XIX стагоддзя.

Плёнам гэтага руху сталі сацыяльныя энцыклікі: Rerum Novarum Льва XIII, у якой гаворыцца пра капітал і працу, а таксама Quadragesimo Anno Пія XI, прысвечанай аднаўленню грамадскага парадку. Пазней гэтыя энцыклікі былі ўключаны ў працы Другога Ватыканскага Сабора, у прыватнасці, у канстытуцыю Gaudium et Spes.

“У аснове гэтага важнага дакумента, - патлумачыў кардынал Чэрны, - ляжыць ідэя аб тым, што Касцёл можа і павінен узбагачацца за кошт развіцця сацыяльнага жыцця чалавека, і што абвяшчэнне Евангелля мае вынікам рашучую прыхільнасць прагрэсу чалавецтва і абароне чалавечай годнасці".

Паводле іерарха, гэтыя ідэі атрымалі далейшае развіццё ў такіх дакументах як Evangelii Nuntiandi і Populorum Progressio Паўла VI, у якіх гаворыцца, што сапраўднае развіццё неаддзельнае ад вышэйшых каштоўнасцей любові, сяброўства, малітвы і сузірання.

У энцыкліцы Sollicitudo Rei Socialis Ян Павел II паглыбіў гэтую ідэю развіцця, кажучы, што павелічэнне ўзроўню багацця і вытворчасці матэрыяльных выгод не азначае рэальнага росту, калі ігнаруюцца пакуты самых слабых або, што яшчэ горш, калі гэты росквіт дасягаецца за іх кошт.

Бэнэдыкт XVI у Caritas in Veritate заклікаў да пашырэння супрацоўніцтва паміж рынкам, дзяржавамі і грамадзянскай супольнасцю, каб забяспечыць пераразмеркаванне багацця і ўмацаваць логіку дабрачыннасці, - нагадаў у сваёй лекцыі кардынал Чэрны.

Затым ён прывёў паглыблены аналіз сацыяльнага вучэння Францішка з яго безупыннай крытыкай сённяшняй "тэхнакратычнай парадыгмы" і "грамадства адчужэння". У прыватнасці, ён засяродзіўся на апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium і энцыкліках Laudato sì і Fratelli tutti.

На заканчэнне кардынал Чэрны рэзюмаваў сваю лекцыю словамі Яна Хрызастома аб тым, што калі вы не знойдзеце Бога ў іншаземцы, бежанцы, бедняку, вы таксама не знойдзеце яго і ў Эўхарыстыі.

12 снежня 2022, 11:45