Пошук

Папа Францішак і кардынал Рычард Куiа Баавобр Папа Францішак і кардынал Рычард Куiа Баавобр 

Святы Айцец моліцца за спачылага кардынала з Ганы

Пантыфік запэўніў у малітве за кардынала Рычарда Куіа Баавобра, памерлага 27 лістапада 2022 года ў Гане пасля цяжкай хваробы. Іерарх адышоў у вечнасць у 63-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Са смуткам даведаўшыся пра смерць кардынала Рычарда Куiа Баавобра, я выказваю шчырыя спачуванні яго родным і Місіянерам Афрыкі, а таксама духавенству, законнікам і свецкім вернікам дыяцэзіі Ва”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме Святога Айца.

“З удзячнасцю ўспамінаючы вернае сведчанне Евангелля кардынала Баавобра, адзначанае шчодрым служэннем Касцёлу ў Гане, асабліва тым, хто найбольш мае патрэбу, я ахвотна далучаюся да вернікаў у малітве, каб наш міласэрны Айцец даў гэтаму мудраму і далікатнаму пастыру ўзнагароду за яго працу і прывітаў яго ў святле і супакоі Неба”, - дадаў Пантыфік, удзяляючы сваё благаслаўленне ўсім, хто аплаквае смерць спачылага іерарха.

Рычард Куiа Баавобр нарадзіўся ў 1959 годзе ў горадзе Тон-Зендагангн у Гане. У 1981 годзе ўступіў у таварыства Місіянераў Афрыкі, а ў 1987 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Пасля вучобы ў Місійным інстытуце ў Лондане атрымаў ступень доктара біблійнай тэалогіі. Займаўся душпастырствам у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Танзаніі і Францыі. У 2010 годзе стаў першым афрыканцам, выбраным генеральным настаяцелем таварыства Місіянераў Афрыкі. У 2016 годзе Францішак прызначыў яго біскупам дыяцэзіі Ва ў Гане, а падчас кансісторыя ў жніўні 2022 года надаў яму кардынальскую годнасць.

Пасля смерці кардынала Баавобра Калегія кардыналаў складаецца з 225-ці іерархаў, з якіх 126 з’яўляюцца выбаршчыкамі і 99 не маюць права голасу падчас канклаву.
 

29 лістапада 2022, 12:11