Пошук

Акцыя Чырвоны тыдзень у Славакіі Акцыя Чырвоны тыдзень у Славакіі 

Папскі фонд нагадвае пра праблему пераследу хрысціян

16-23 лістапада 2022 года па ініцыятыве Папскага фонда “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” праходзіць акцыя “Чырвоны тыдзень”, мэта якой заключаецца ў прыцягненні ўвагі да праблемы пераследу хрысціян.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кампанія прадугледжвае малітоўныя сустрэчы, канферэнцыі, сведчанні вернікаў з краін, у якіх быць хрысціянамі небяспечна, а таксама сімвалічнае асвятленне будынкаў і помнікаў у розных гарадах свету ілюмінацыяй чырвонага колеру, якая нагадвае пра пралітую за веру кроў вучняў Хрыста.

Ініцыятыва Чырвоны тыдзень ўпершыню была праведзена ў Бразіліі ў 2015 годзе, калі мясцовы офіс Дапамогі Касцёлу ў патрэбе асвятліў чырвоным колерам знакаміты помнік Хрыста Збаўцы ў памяць аб пераследзе хрысціян у Іраку.

Натхнёная той жа ідэяй, італьянскае аддзяленне Папскага фонда ў красавіку 2016 года “афарбавала” ў чырвоны колер фантан Трэві ў Рыме, а офіс арганізацыі ў Вялікабрытаніі прапанаваў праводзіць ініцыятыву кожны год у адну з серадаў лістапада. Затым у многіх краінах свету акцыя была падоўжана да цэлага тыдня. У 2018 года чырвоным быў асветлены рымскі Калізей. Сёлета кампанія будзе праводзіцца ў шосты раз, а яе галоўныя падзеі пройдуць 23 лістапада.

Улічваючы дзеючыя правілы энергазберажэння Дапамога Касцёлу ў патрэбе, рэкамендавала трымаць чырвонае асвятленне толькі на кароткі час або замяніць яго гукам званоў.

У рамках Чырвонага тыдня 16 лістапада ў Лондане была прадстаўлена справаздача аб пераследзе хрысціян у розных частках свету за 2020-2022 года. У дакуменце адзначаецца, што амаль увесь афрыканскі рэгіён Сахель, уключаючы Чад, Буркіна-Фасо, Малі, Нігер, Камерун, а таксама поўнач Нігерыі, знаходзіцца амаль пад поўным кантролем джыхадзістаў. Мясцовыя хрысціяне, разам з вызнаўцамі іншых рэлігій, у тым ліку мусульманамі, якія не падзяляюць палітычна-рэлігійную ідэалогію джыхадзістаў, пакутуюць вельмі шмат. Пераслед здзяйсняецца і ў іншых частках планеты: у Афганістане, М’янме, Пакістане, Індыі і іншых краінах, - заўважыў у каментары для Vatican News кіраўнік італьянскага аддзялення Дапамогі Касцёлу ў патрэбе Алесандра Монтэдура, заўважаючы таксама, што гэта часта адбываецца пры агульнай адсутнасці ўвагі з боку міжнароднай супольнасці.

У ініцыятыве Чырвоны тыдзень сёлета прымуць удзел каля 100 парафій у Францыі, 94 – у Аўстрыі, 60 – у Германіі, а таксама ў многіх іншых краінах на ўсіх кантынентах.
 

17 лістапада 2022, 11:27