Пошук

Удзельніца сустрэчы "сінадальнага шляху" ў Франкфурце-на-Майне Удзельніца сустрэчы "сінадальнага шляху" ў Франкфурце-на-Майне 

Кардынала непакояць магчымыя наступствы “сінадальнага шляху”

“Сінадальны шлях” у Германіі меў катастрафічны пачатак, і будзе яшчэ горш, калі не будзе эфектыўных папскіх паправак на тэму хрысціянскай сексуальнай маралі і пасвячэння жанчын, - перасцярог кардынал Джордж Пэл.

Ян Глінскі

На сайце National Catholic Register былы прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях выступіў супраць плюралізму ў дачыненні да фундаментальных прынцыпаў каталіцкай дактрыны і маральнасці.

Як нагадаў іерарх, экуменічныя саборы ў гісторыі Каталіцкага Касцёла былі нячастымі – іх было 21. “Таксама сіноды не павінны праводзіцца занадта часта, станавіцца канкурэнцыяй для малітвы, літургіі і служэння. І гісторыя нагадвае нам аб неабходнасці асцярожнасці, адмовы ад ілжывых чаканняў, імкнення не вызваляць сілы, якія могуць выйсці з-пад нашага кантролю”, - падкрэсліў ён.

Аўстралійскі кардынал звярнуў увагу на тое, што ў гісторыі Каталіцкага Касцёла не было “прэцэдэнтаў актыўнага ўдзелу былых католікаў і антыкатолікаў у такіх арганізацыях”. Падчас Другога Ватыканскага Сабора, як дадаў, галасаваць маглі толькі Айцы Сабора, практычна толькі біскупы, а ўсе назіральнікі былі хрысціянамі.

“Папа Павел VI паважаў аўтарытэт і незалежнасць Айцоў Сабора, рэдка ўмешваўся, калі яны старанна стваралі свае дакументы, выпрацоўвалі кансэнсус, цалкам паважаючы Настаўніцтва і Традыцыю. Нягледзячы на ўвесь гэты клопат і вучонасць, і ў значнай ступені па прычынах, незалежных ад Касцёла, гісторыя паслясаборнага перыяду не з’яўляецца гісторыяй хвалебнага поспеху”, - лічыць Пэл.

“Кожны Сінод павінен быць каталіцкім Сінодам, звязаным Апостальскай Традыцыяй, – заўважыў ён, падсумоўваючы сваё бачанне “сінадальнага шляху” у Германіі. – Наша адзінства не падобна да свабоднай англіканскай федэрацыі або шматлікіх памесных Праваслаўных Цэркваў. Некаторыя нямецкія каталіцкія вернікі ўжо гавораць не пра сінадальны шлях, а пра шлях самагубства”.

Аўстралійскі кардынал заклікаў да малітвы, каб нідзе сёння не дайшло да такой катастрофы ў Касцёле.
 

25 кастрычніка 2022, 10:00