Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Еўропы абмяркоўваюць дапамогу ахвярам вайны

На пленарным пасяджэнні Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (СOMECE) абмяркоўваюцца гуманітарныя, эканамічныя і сацыяльныя наступствы расійскага ўварвання ва Украіну.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Форум распачаўся 12 кастрычніка 2022 года ў Брусэлі. Трагічныя наступствы вайны, а таксама пандэмія, якая яшчэ не скончылася, выклікаюць моцную занепакоенасць еўрапейскіх біскупаў, - адзначыў генеральны сакратар COMECE ксёндз Мануэль Барыёс Прыета.

Святар падкрэсліў, што еўрапейскія епіскапаты ведаюць сваю місію: быць побач з пацярпелымі і ўразлівымі людзьмі. Яны не забываюць пра салдат і іх сем'і, а таксама пра бежанцаў, якія ратуюцца ад канфлікту і грукаюцца ў дзверы. Касцёл ужо робіць шмат для ўцекачоў. Біскупы Еўропы ўдзельнічаюць у мэтавай групе, якая спрабуе даць скаардынаваны адказ на гуманітарны крызіс. Яны вядуць дыялог з уладамі, заклікаючы іх зрабіць свой унёсак у прыём і інтэграцыю бежанцаў, - дадаў ксёндз Прыета.

На думку прадстаўніка COMECE, у еўрапейскіх епіскапатаў ёсць моцная і эфектыўная зброя прасоўвання міру і справядлівасці: малітва. Як хрысціяне, мы павінны быць сведкамі сілы малітвы, якая сапраўды можа змяняць сэрцы. Існуюць і іншыя важныя інструменты: адукацыя, прапаведаванне, вучэнне і правільнае выкарыстоўванне сродкаў масавай інфармацыі. На жаль, нават на вайне распаўсюджваюцца фэйкавыя навіны, якія робяць цьмянай праўду, - сказаў ксёндз Прыета.

На парадку дня пленарнага пасяджэння стаіць яшчэ адна важная тэма, якая вельмі непакоіць еўрапейскіх біскупаў: энергетычны крызіс. Чакаецца, што напрыканцы сустрэчы можа быць распаўсюджана заява пра беднасць, якой энергетычны крызіс пагражае сем'ям і прадпрыемствам.

13 кастрычніка 2022, 12:56