Пошук

Моладзь з сімваламі СДМ. Ілюстрацыйнае фота Моладзь з сімваламі СДМ. Ілюстрацыйнае фота 

СДМ-2023: пачалася падрыхтоўка галоўнай малітоўнай пляцоўкі

Работы па падрыхтоўцы галоўнай малітоўнай плошчы да Сусветных дзён моладзі (СДМ) у Лісабоне, запланаваных на жнівень 2023 года, складуць, паводле ацэнак аргкамітэта мерапрыемства, 9 мільёнаў еўра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Участак, дзе ўжо пачаліся работы, у прыватнасці, выраўноўванне тэрыторыі, будаўніцтва камунікацый і санітарных аб’ектаў, знаходзіцца на мяжы муніцыпалітэтаў Лісабона і Лурэша. Мяркуецца, што падрыхтоўка самой пляцоўкі складзе 7 мільёнаў еўра. Яшчэ 2 мільёна плануецца выдзеліць на будаўніцтва палявога алтара.

Улады Лісабона пацвердзілі, што ўжо вяліся перамовы для вызначэння правіл, паводле якіх будуць пакрывацца выдаткі, звязаныя з арганізацыяй Сусветных дзён моладзі. Мэр партугальскай сталіцы Карлуш Моэдаш у ліпені папрасіў урад Партугаліі аб большай падтрымцы Лісабона ў арганізацыі самай буйной у свеце сустрэчы маладых католікаў.

Мяркуецца, што на форум, правядзенне якога запланавана на 1-6 жніўня 2023 года, у сталічную агламерацыю могуць прыехаць каля 1,5 мільёна чалавек. Таму арганізатары лічаць, што мерапрыемства станоўча паўплывае на мясцовую эканоміку.

У сакавіку 2022 года Францішак адрасаваў моладзі, якая рыхтуецца да Сусветных дзён у Лісабоне, адмысловы відэа-зварот. Ён заклікаў да творчага пошуку шляхоў пераадолення крызісу.

“Мы выйшлі з пандэмічнага крызісу і ўвайшлі ў крызіс эканамічны, а цяпер знаходзімся ў самым эпіцэнтры ваеннага крызісу – самай горшай з усіх катастроф, што могуць здарыцца!” - заўважыў Святы Айцец, спасылаючыся на цяжкі для чалавецтва гістарычнага перыяд.

“Крызісы пераадольваюцца разам, а не ў адзіночку. Крызісы – гэта выпрабаванне для нас, каб мы маглі выйсці з іх лепшымі. Мы не застаёмся пасля крызісу такімі ж, выходзім з яго або лепшымі, або горшымі”, - падзяліўся сваёй думкай, якую агучваў неаднаразова, Святы Айцец. Ён пажадаў маладым людзям рэалізаваць першы варыянт.

Дзелячыся з моладдзю сваім меркаваннем аб тым, якой павінна быць падрыхтоўка да Сусветных дзён, Францішак заклікаў, каб яна была “свежай” і “творчай”. Лісабонская сустрэча, як адзначыў Папа, не павінна застацца ў цені папярэдніх.
 

12 жніўня 2022, 11:07