Пошук

Кардынал Малькальм Ранджыт падчас сустрэчы з Францішкам Кардынал Малькальм Ранджыт падчас сустрэчы з Францішкам 

Ланкійскі кардынал пра своечасовасць жэсту Францішка

“Памяць Папы аб ахвярах тэрактаў у Каломба і іх сем’ях, якія пакутуюць, вельмі кранае нас”, - прызнаўся Vatican News кардынал Малькальм Ранджыт.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх спаслаўся на атрыманую нядаўна папскую дапамогу. 100 тысяч еўра будзе выкарыстаны на набыццё прадуктаў харчавання і аплату навучання дзяцей ахвяр нападаў на храмы, якія адбыліся ў Шры-Ланцы ў Вялікдзень 2019 года.

Арцыбіскуп Каломба паведаміў, што падчас візіту ў Ватыкан Папа распытваў яго аб сітуацыі ў Шры-Ланцы. Ён быў занепакоены лёсам тых, хто падчас нападаў страціў сваіх блізкіх, але пытаўся таксама пра будучыню краіны, якая змагаецца з сацыяльна-эканамічным крызісам.

“Усяго дапамогу атрымалі 400 сем'яў. Мы раздалі яе ў сярэдзіне жніўня падчас двух урачыстасцей, якія ўзначаліў Апостальскі нунцый. Мы вылучылі вялікую суму на падтрымку пратэстанцкай супольнасці, вернікі якой таксама загінулі ў выніку нападаў. З гэтых грошай будзе прафінансавана і псіхалагічная дапамога людзям, якія пасля нападаў маюць неабходнасць у ёй”, - паведаміў іерарх.

Ён падкрэсліў своечасовасць жэсту Францішка. Сітуацыя ў краіне выклікае трывогу з прычыны эканамічнага крызісу, у выніку якога шматлікія сем'і засталіся без працы і, такім чынам, без заробку. Многія ядуць толькі адзін раз у дзень, а гэта 6 мільёнаў чалавек з 22-мільённага насельніцтва. Больш за ўсё пакутуюць дзеці.

“Мы больш не можам набываць асноўныя прадукты, такія як рыс, сачавіца, малако, лекі для бальніц. Усё нарміравана, і гэтых тавараў не хапае. У нашых грамадзян няма пачуцця рэалізацыі справядлівасці нават у дачыненні да велікодных тэрактаў: праз тры гады мы не ведаем, хто за імі стаіць і чаму яны былі здзейснены. Пакуль мы не атрымаем ясных адказаў у гэтым пытанні, ланкійцы не будуць задаволеныя”, - сказаў кардынал.

Нагадаем, нацыянальны санктуарый святога Антонія, касцёл святога Себасцьяна ў Негомба і пратэстанцкая супольнасць ў Батыкалоа былі абстраляныя тэрарыстамі ў велікодную нядзелю, 21 красавіка 2019 года. Загінулі 267 чалавек, больш за 500 атрымалі раненні. Выканаўцы гэтай бойні не выяўленыя дагэтуль.
 

22 жніўня 2022, 19:46