Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе пілігрымы з усёй Беларусі сабраліся на фэст. 1-2 ліпеня 2022 года ў Нацыянальным санктуарыі адбыліся штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай з удзелам біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і шматлікіх вернікаў. Па традыцыі, спачатку прайшла святая Імша для пілігрымаў, якія прыбылі пешкі і на роварах – іх лічба перавысіла 1750 чалавек. Увечары – працэсія, затым святая Імша апоўначы. Вернікі трывалі ў малітве ўначы і раніцай, а ўдзень у суботу будыць удзельнічаць ў галоўнай святой Імшы. Супакой – у гэтай галоўнай інтэнцыі сёлета маліліся беларускія католікі.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў Рым, дзе атрымаў з рук папы Францішка палій і цэлебраваў святую Імшу за Беларусь. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі стаў адным з 44-х арцыбіскупаў Мітрапалітаў, прызначаных на працягу апошняга года, для якіх Пантыфік 29 чэрвеня 2022 года благаславіў паліі. Назаўтра беларускі Мітрапаліт цэлебраваў у ватыканскай базыліцы святога Пятра на алтары святога Яна Паўла ІІ Эўхарыстыю ў інтэнцыі супакою, дабрабыту і вернасці хрысціянскім традыцыям народа Беларусі.

Апостальскі нунцый узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў гродзенскай катэдры. 26 чэрвеня 2022 года арцыбіскуп Антэ Ёзіч упершыню цэлебраваў Эўхарыстыю ў базыліцы святога Францішка Ксаверыя, ахвяраваўшы яе ў інтэнцыях усіх прысутных, аб новых пакліканнях, за святароў, моладзь, пажылых людзей і ўсіх вернікаў дыяцэзіі. Прадстаўнік Святога Айца заахвоціў зноў адкрыць для сябе скарбы сваёй місійнай дзейнасці, “адважна працягваць яе, кожны на сваім месцы ў жыцці, і дазволіць Богу прамаўляць праз нашыя целы і нашыя вусны”.

Усебеларуская сустрэча ўдзельніц руху Маці ў малітве прайшла ў Оршы з удзелам біскупа Алега Буткевіча. З 24 па 26 чэрвеня 2022 года жанчыны з усіх дыяцэзій Беларусі, а таксама з Расіі, сабраліся на дні супольнай малітвы ў рэкалекцыйным доме пры аршанскай парафіі святога Юзафа. Кіраўнік беларускага епіскапату Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч ахвяраваў Эўхарыстыю за ўсіх удзельніц руху і іх дзяцей.

Адбылася Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Cустрэча, якая праходзіла 27-28 чэрвеня 2022 года, сабрала звыш 200 чалавек – дзяцей і моладзь з 25 парафій Гродзенскай дыяцэзіі і парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім. Спаборніцтвы складаліся з трыяды: святыня – тэатр – спорт.

20-годдзе беларускага Непакалянава адзначылі ў Удзеле. 24-25 чэрвеня 2022 года тут, у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбыліся ўрачыстасці ў межах святкавання 20-годдзя цэнтра таварыства “Рыцарства Беззаганнай” у Беларусі. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, падчас яе жадаючыя далучыліся да таварыства, заснаванага святым Максіміліянам Марыяй Кольбе – з мэтай навяртання грэшнікаў, а таксама асвячэння ўсіх душаў праз заступніцтва Панны Марыі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

02 ліпеня 2022, 08:53