Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Праз год пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе касцёл зноў часова зачынілі. З 10 мая па 3 чэрвеня 2022 года тут плануецца правесці работы па аднаўленні купальнага жывапісу. Пасля завяршэння чарговага этапу рэстаўрацыі святыню зноў адкрыюць для наведвання. У парафіі ўпэўнены, што да правядзення фэсту ў гонар Маці Божай Будслаўскай усе неабходныя цяпер працы будуць скончаны і касцёл зможа сустрэць пілігрымаў. Нагадаем, пажар адбыўся 11 мая 2021 года – агонь знішчыў дах, пашкодзіў купал, пры ліквідацыі пажару пацярпеў інтэр’ер святыні.

Адбылася пілігрымка з Пінска ў Лагішын, прымеркаваная да 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Каралевы Палесся. Удзел у пешым паломніцтве 8 мая 2022 года ўзялі не толькі пілігрымы з трох парафій Пінска, але і вернікі з Гомеля, Мазыра, Баранавічаў, Ружанаў, Жлобіна. Цэлебрацыю Імшы на заканчэнне пілігрымкі ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Іерарх адзначыў вялікую евангелізацыйную ролю пілігрымкі не толькі для саміх удзельнікаў, але і для ўсіх людзей, якія іх сустракалі ў дарозе.

Урачыстасць у гонар Маці Божай Жыровіцкай адзначылі ў Слоніме. Імшу ў касцёле святога апостала Андрэя 7 мая 2022 г года ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У святыні, дзе ў галоўным алтары знаходзіцца копія абраза Маці Божай Жыровіцкай, сабраліся мясцовыя жыхары і госці. Прыбылі таксама пілігрымы з Івацэвічаў і Брэста. У Імшы ўдзельнічалі не толькі мясцовыя рыма-каталіцкія святары, але і грэка-каталіцкае духавенства на чале з Апостальскім візітатарам архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Нядзелю Добрага Пастыра наведаў парафію на Віцебшчыне. У мястэчку Порплішча 8 мая 2022 года ён узначаліў цэлебрацыю адпустовай Імшы. Заслужаны іерарх узгадаў, што гэта не першы яго візіт у Порплішча. Яшчэ будучы студэнтам Ленінградскага політэхнічнага інстытута ён прыязджаў сюды са сваім духоўным кіраўніком ксяндзом Пятром Барташэвічам, які служыў у гэтай парафіі і адкуль быў сасланы ў Сібір. Іерарх адзначыў, што гэты яго візіт, ужо як біскупа, з’яўляецца таксама знакам падзякі святару, які дапамог яму распазнаць пакліканне да святарства.

У Смаргоні прадставілі спектакль Святар, прысвечаны асобе расстралянага салезіяніна. 7 мая 2022 года моладзь з салезіянскага араторыя ў Мінску распавяла пра жыццё, дзейнасць і мучаніцкую смерць ксяндза Уладзіслава Вячоркі, салезіяніна, які служыў у мястэчку Параф’янава на Глыбоччыне. Спектакль стварылі з нагоды 100-гадовага юбілею прысутнасці салезіянаў у Беларусі. Святара ў 1942 годзе арыштавала гестапа за душпастырскую і катэхетычную дзейнасць, а затым расстраляла разам з групай святароў і свецкіх вернікаў у Барку каля Беразвечча. Спектакль, паводле рэжысёра-пастаноўшчыка ксяндза Артура Ляшнеўскага, з’яўляецца данінай павагі да гэтага святара-мучаніка і памяці пра яго.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

14 мая 2022, 11:02