Пошук

Лагатып Сусветных дзён моладзі 2023 г. Лагатып Сусветных дзён моладзі 2023 г. 

СДМ 2023: трынаццаць нябесных апекуноў форума

Аргкамітэт Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне абвясціў нябеснымі апекунамі форума трынаццаць святых і благаслаўлёных, якія “паказалі, што Хрыстовае жыццё напаўняе і збаўляе моладзь кожнай эпохі”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 мая 2022 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала спіс нябесных заступнікаў бліжэйшых Сусветных дзён моладзі з кароткім тлумачэннем, падрыхтаваным кардыналам Мануэлем Клементэ, Патрыярхам Лісабона.

Першай апякункай значыцца Найсвяцейшая Панна Марыя, за якой ідуць святы Ян Павел ІІ, заснавальнік Сусветных дзён моладзі, і святы Ян Боска, апякун моладзі.

Наступныя сем святых і благаслаўлёных асаблівым чынам звязаны з Лісабонам. Гаворка ідзе пра святога Вінцэнта з Сарагосы, апекуна партугальскай сталіцы, а таксама пра некалькі ўраджэнцаў гэтага горада: святога Антонія Падуанскага, францішканіна і місіянера, святога Барталамэў Фэрнандэша, дамініканіна і рэфарматара Касцёла, святога Жуана дэ Брыту, езуіта і мучаніка, благаслаўлёную Жуану Партугальскую, дачку караля Альфонса V, якая замест каралеўскіх рэгалій аддала перавагу манаскаму габіту і жыццю ў кляўзуры, благаслаўлёнага Жуана Фэрнандэша, місіянера і мучаніка, і благаслаўлёную Марыю Клару ад Дзіцятка Езуса, манахіню і заснавальніцу кангрэгацыі Шпітальных Францішканак Беззаганнага Зачацця.

Нябеснымі апекунамі форума будуць таксама некалькі благаслаўлёных, жыццё якіх было кароткім, але прасякнутым Евангеллем: П’ер Джорджа Фрасаці, італьянскі студэнт і актыўны ўдзельнік каталіцкіх моладзевых рухаў, Марсэль Кало, французскі скаўт, замучаны нацыстамі ў канцэнтрацыйным лагеры Маўтхаўзен, К’яра Бадана, удзельніца Руху Фалаляраў, і Карла Акуціс, малады праграміст, беатыфікаваны ў 2020 годзе, апостал Эўхарыстыі і евангелізацыі ў інтэрнэце.

Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне пройдуць з 1 па 6 жніўня 2023 года. Іх тэма – словы, узятыя з Евангелля паводле св. Лукі: Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну (1, 39). Форум павінен быў адбыцца ў 2022 годзе, але планам перашкодзіла пандэмія каронавіруса.

 

19 мая 2022, 10:42