Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Упершыню за два гады на вуліцах Гродна прайшла рэзурэкцыйная працэсія. Летась і пазалетась яе не праводзілі з прычыны эпідэмічных абмежаванняў. У велікодную раніцу, 17 красавіка 2022 года, вернікі спявалі святочныя песні, музычным суправаджэннем працэсію ўпрыгожыў духавы аркестр. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя. Ардынарый заклікаў не дазволіць, "каб надзея згасла ў сэрцах" і быць заўсёды "сведкамі хрысціянскай надзеі".

У мінскай архікатэдры цэлебрацыі Святога Пасхальнага Трыдуума ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі падчас Пасхальнай Вігіліі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падкрэсліў, што ўваскрослы Езус "не шукае тых, хто катаваў Яго, укрыжоўваў, а шукае і размаўляе з тымі, хто ў Яго паверыў". Услед за Папам Францішкам архіпастыр сцвердзіў, што Хрыстус і цяпер "шукае чалавека, цікавіцца яго жыццём, чакае нашага братэрства і запрашае да дыялогу".

У Воранаве асвяцілі каталіцкі і праваслаўны крыжы, а таксама фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта адбылося 20 красавіка 2022 года на паўднёвай ускраіне райцэнтра. Усталяванне і асвячэнне хрысціянскіх сімвалаў было прымеркавана да ўрачыстасці Уваскрасення Пана, якую каталіцкія і праваслаўныя вернікі адзначаюць сёлета з розніцай у адзін тыдзень. У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня райвыканкама Дзмітрый Захарчук, крыжы і фігуру асвяцілі пробашч каталіцкай парафіі ксёндз Анджэй Вітэк і настаяцель праваслаўнага прыходу іерэй Ігар Валошын.

Ва ўспамін святога Юрыя ў мінскай архікатэдры Імшу цэлебравалі імяніннікі. 23 красавіка 2022 года тут віншавалі Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, асабістага сакратара Мітрапаліта ксяндза Юрыя Ясевіча, прэс-сакратара біскупскай канферэнцыі ксяндза Юрыя Санько, пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах ксяндза Юрыя Быкава і пробашча парафіі Божага Цела ў Мінску айца Юрыя Кулая.

Гомельскія католікі дапамаглі бежанцам з Украіны падрыхтавацца да святкавання Пасхі, якую праваслаўныя вернікі адзначаць 24 красавіка 2022 года Мясцовыя валанцёры прапанавалі сабраць велікодныя пачастункі і падарункі для мігрантаў з Украіны, якія з прычыны вайны вымушаны былі прыехаць у Беларусь і цяпер часова расселеныя ў санаторыях Гомельшчыны. Напярэдадні ўрачыстасці ў праваслаўных валанцёры, сярод якіх ёсць каталіцкія вернікі, адвезлі сабраныя пачастункі і падарункі бежанцам.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

23 красавіка 2022, 10:52