Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Вялікую суботу благаслаўленне велікодных страў у касцёлах Беларусі адбываецца з захаваннем некаторых супрацьэпідэмічных захадаў. Згодна з рашэннем Біскупскай Канферэнцыі, вернікі павінны прыносіць ваду для благаслаўлення ва ўласных начыннях. Напярэдадні, у Вялікую пятніцу, вернікі не адаравалі крыж індывідуальна праз пацалунак, але праз укленчванне ці нізкі паклон. У той жа час Пасхальную вігілію ў Святую ноч будуць цэлебраваць паводле звычайнага парадку.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўпершыню ў якасці Мітрапаліта ўзначаліў цэлебрацыю Імшы Хрызма ў Мінску. У Вялікі чацвер, 14 красавіка 2022 г., у архікатэдры сабраліся звыш за сто святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Грэка-Каталіцкай Царквы. Разам з арцыбіскупам Станеўскім служылі яго папярэднік, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

Велікодны абед для бедных у Гродне прайшоў з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча. У дом кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта 12 красавіка 2022 г. запрасілі бедных і бяздомных. У дабрачынным мерапрыемстве, якое ладзіцца пры падтрымцы дыяцэзіяльнага Карытас, удзельнічала звыш за сто чалавек. Звяртаючыся да іх, гродзенскі ардынарый пажадаў мець непахісную надзею, якую прыносіць свету Уваскрослы Езус Хрыстус.

Агульнагарадскі Крыжовы шлях з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прайшоў у Мінску. У Вялікую сераду, 13 красавіка 2022 г., на прыкасцёльным цвінтары парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы сабраліся вернікі з розных парафій сталіцы. “Крыжовы шлях - гэта не толькі ўспамін падзеі, якая адбылася 20 ст. таму ў Ерузалеме. Ён паўтараецца ў нашым асабістым жыцці, у жыцці грамадства і свету”, - адзначыў заслужаны іерарх.

У Зембіне абрынулася частка старадаўняга касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У ноч на Пальмовую нядзелю, з 9 на 10 красавіка 2022 г., абвалілася частка фасаду святыні пачатку XIX ст. Яна была зачынена савецкай уладай у 1930-я гады і да нашых часоў дайшла ў напаўразбураным стане. Цяпер узнікла пагроза абрушэння франтону з крыжам і фігурай Панны Марыі. Дзяржаўныя ўлады пакуль не прынялі рашэнне – ці ўмацоўваць франтон, ці зносіць будынак цалкам.

Напярэдадні Вялікадня кусташ тракельскага санктуарыя благаславіў кулічы на лідскім прадпрыемстве. Дзяржаўнае таварыства Лідахлебапрадукт рэалізоўвае святочную выпечку, таму запрасіла кс. Юрыя Бяганскага, кусташа санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, каб ён благаславіў усю велікодную прадукцыю і тыя лініі, дзе яна вырабляецца. Таксама святар выказаў віншаванні працаўнікам прадпрыемства з нагоды надыходзячага Вялікадня.

Тры экзарцысты прызначаны ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, таксама тут абвешчана пра новыя арганізацыйныя і адміністрацыйныя пастановы. Гэта адбылося ў Вялікі чацвер, 14 красавіка 2022 г. Згодна з дэкрэтамі Мітрапаліта арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, экзарцыстамі сталі: кс. Андрэй Сіповіч, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску, а. Лех Баханэк з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Івянцы і а. Сабеслаў Тамала, пробашч парафіі Святога Францішка ў Салігорску. Таксама абноўлены склад Калегіі кансультантаў архідыяцэзіі, прызначаны новыя біскупскія вікарыі, створана Камісія па сродках масавай інфармацыі, выдавецкай і асветніцкай дзейнасці.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

16 красавіка 2022, 08:25