Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

З Пальмовай нядзелі ў дыяцэзіях Беларусі перастае дзейнічаць дыспенса ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелю і абавязковыя ўрачыстасці. Напярэдадні такі дэкрэт падпісаў Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч – у сувязі з паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі. Раней аналагічныя рашэнні прынялі ў іншых дыяцэзіях Беларусі. Такім чынам, ад 10 красавіка ўсе вернікі абавязаны асабіста, а не анлайн, прысутнічаць на святой Імшы ў нядзелі і прадпісаныя ўрачыстасці. Дыспенса дзейнічала з 2020 г.

Aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў гродзенскай парафіі Святога Духа. Зыходзячы са слоў Езуса: “Я дарога, праўда і жыццё”, арцыбіскуп-эмерыт выбраў тэму рэкалекцый: ID хрысціяніна. Духоўныя практыкаванні, якія працягваліся 3-5 красавіка 2022 г., пачаліся ўнясеннем у капліцу рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай. Для пазнання ідэнтыфікатара хрысціяніна і прыняцця адпаведных пастаноў іерарх прапанаваў вернікам зрабіць грунтоўны рахунак сумлення з іх хрысціянскага сведчання ў духоўным, сямейным, прафесійным і грамадскім жыцці.

Пробашч парафіі ў Лынтупах выйшаў на волю пасля арышту. Ксяндза Аляксандра Барана адпусцілі з ізалятару раней тэрміну без тлумачэння прычын. Па рашэнні суда, які прызначыў святару 10 сутак арышту, пробашча павінны былі вызваліць 8 красавіка 2022 г. Аднак святар нечакана апынуўся на волі 6 красавіка і ўжо назаўтра цэлебраваў у касцёле св. Імшу. Парафіяне мяркуюць, што на такое рашэнне паўплываў грамадскі рэзананс і моцная малітва за святара. Ксяндза Аляксандра асудзілі за дзеянні ў сацсетках і абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ён назваў абвінавачванні цалкам несправядлівымі, аднак суд прызнаў яго вінаватым.

У выдавецтве Pro Christo выйшла кніга пра апошні перыяд жыцця анкахворай жанчыны. Дзённік История большой надежды распавядае пра апошні перыяд жыцця Марыны, верніцы віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Калі толькі Марына даведалася пра сваю хваробу, якая была ўжо ў запушчанай стадыі, яна пачала весці дзённік. Жанчына марыла, што паправіцца, а дзённік будуць аддаваць за ахвяраванні і накіроўваць сабраныя сродкі хворым на рак. Марына адышла ў вечнасць у 2020 г. на 33-м годзе жыцця.

Mайстар-клас па размалёўцы велікодных пернікаў прайшоў у лідскай Фары. Пры парафіі Узвышэння Святога Крыжа 2 красавіка 2022 г. сабраліся дзеці, каб вучыцца гэтаму майстэрству. Разам з сястрой Галінай Занеўскай яны размалёўвалі пернікі, вырабленыя ў форме яек – упрыгожвалі велікодныя ласункі малюнкамі, у тым ліку складанымі ўзорамі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

09 красавіка 2022, 09:33