Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскупы звярнуліся з заклікам арганізаваць збор ахвяраванняў і гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў з Украіны, якія трапілі ў Беларусь. Сотні жыхароў украінскага памежжа, якія пасля расійскага ўварвання аказаліся адрэзанымі ад астатняй тэрыторыі Украіны, цярпелі голад і цяжкія ўмовы, выехалі ў Беларусь - адзіны магчымы шлях для эвакуацыі з зоны ваенных дзеянняў. Тут яны расселеныя па санаторыях. Збор ахвяраванняў і рэчавай матэрыяльнай дапамогі біскупы запрасілі арганізаваць праз парафіяльныя ці дыяцэзіяльныя Caritas.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Санкт-Пецярбург. Тут у парафіі Маці Божай Люрдскай ён далучыўся да Чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі. У наступныя дні візіту беларускі іерарх, які доўгі час служыў для католікаў Расіі, узяў удзел у чытаннях, прысвечаных першаму рэктару каталіцкай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу, наведаў Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Ён перадаў у дар музею прадметы, звязаныя з перыядам яго служэння ў Расіі. Частка з іх стане экспанатамі пастаяннай экспазіцыі Каталіцызм. Таксама арцыбіскупа Кандрусевіча сустракалі ў кляштары святога Антонія братоў францішканаў.

Адклікаецца дыспенса ад абавязку ўдзелу ў Імшы ў нядзелю і абавязковыя ўрачыстасці. Яна дзейнічала з кастрычніка 2020 года ў сувязі з эпідэміяй COVID-19. Згодна з рашэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, з 10 красавіка 2022 года, Пальмовай нядзелі, дыспенса больш не дзейнічае. Гэта значыць, што вернікі будуць абавязаны асабіста, а не анлайн, браць удзел у св. Імшы ў нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці.

У Ваўкалаце развіталіся з братам Пятром Ясевічам, капуцынам, шматгадовым пробашчам тутэйшай парафіі святога Яна Хрысціцеля. Пахаванне адбылося 31 сакавіка 2022 года на прыкасцёльным цвінтары. Яшчэ ў савецкі час, у 1984 годзе Пётр паступіў у духоўную семінарыю ў Рызе і падпольна ўступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, з 1988 года нёс душпастырскае служэнне ў парафіі ў Ваўкалаце на Віцебшчыне, у якой заставаўся пробашчам да 2009 года. У апошнія гады цяжка хварэў і мог перамяшчацца толькі на інвалідным вазку. Адыйшоў у вечнасць у 80-гадовым узросце.

Гомельскі Caritas падчас эпідэміі каронавірусу дапамог 14 інтэрнатам рэгіёна. Дзякуючы падтрымцы нямецкім Renovabis і Begeca дабрачыннай каталіцкай місіі Карытас-Міласэрнасць атрымалася рэалізаваць праект з мэтай прадухілення распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі ў дамах-інтэрнатах Гомельскай вобласці. Установы атрымалі сродкі індывідуальнай абароны, мыйныя і дэзінфікуючыя сродкі, а таксама тэхнічнае абсталяванне – пральныя і сушыльныя машыны, прасы, танометры і бескантактавыя тэрмометры.

Салезіянскія спаборніцтвы Аратарыяда ў другі раз прайшлі ў Мінску. Рэлігійная місія Таварыства святога Францішка Сальскага 26 сакавіка 2022 года правяло салезіянскі аналаг Парафіяды і запрасіла да ўдзелу дзяцей з пятага па сёмы клас з усіх салезіянскіх араторыяў Беларусі. Спаборніцтвы адбываліся ў араторыі імя святога Яна Боска. На Аратарыядзе падлеткі выступалі ў васьмі дысцыплінах: настольны тэніс, настольны футбол, дартс, шашкі, спідкубінг, інтэлектуальны конкурс, гульня Два капітаны і спартландыя.

Дзень засяроджання для ўдзельнiкаў дзiцячых хораў прайшоў у Гродне. У парафii Святога Духа 29 сакавіка 2022 г. сабраліся больш за 20 дзяўчынак i хлопчыкаў, каб разам правесцi час, праслаўляючы Бога спевам. Маленькiя музыкi старалicя развучваць песнi i спалучаць свае галасы. Спевы, малiтва, гульнi i забавы зрабiлi дзень засяроджання жывой i радаснай сустрэчай з Богам.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

02 красавіка 2022, 13:17