Пошук

20191013-wcc-world-council-of-churches-jpg4bbcfe-image.jpg

СРЦ просіць Патрыярха Кірыла падтрымаць пасхальнае перамір'е

Сусветная Рада Цэркваў папрасіла Патрыярха Маскоўскага публічна ўмяшацца ў пытанне спынення агню, “нават на некалькі гадзін”, падчас праваслаўных велікодных святаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта дало б магчымасць праваслаўным і грэка-католікам Украіны і Расіі і ўсяго свету мірна адзначыць святы, якія прыпадаюць на 24 красавіка 2022 года па юліянскім календары.

Генеральны сакратар экуменічнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае 352 праваслаўныя, пратэстанцкія, старакаталіцкія і англіканскія супольнасці, адправіў адмысловы ліст да кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы, ужо другі ад пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

“Трагічная і жорсткая вайна ва Украіне, якая пачалася напярэдадні Вялікага посту, забрала шмат нявінных ахвяр сярод мірнага насельніцтва, жанчын і дзяцей, прывяла да вялізных разбурэнняў, перасялення і мільёнаў бежанцаў. Людзі ў вялікай роспачы і пакутуюць!” - напісаў айцец Іаан Саўка.

Святар паведаміў Кірылу, што кожны дзень атрымлівае ад расійскіх і ўкраінскіх вернікаў просьбы садзейнічаць мірнаму спыненню канфлікту. “Я ўсведамляю, што не ў вашых сілах і паўнамоцтвах спыніць вайну або паўплываць на тых, хто прымае рашэнні. Але вернікі чакаюць суцяшальнага слова ад Вашай Святасці. Яны думаюць, што калі Вы выйдзеце з публічнай заявай і просьбай, як духоўны айцец столькіх мільёнаў праваслаўных і ў Расіі, і ва Украіне, гэта можа мець уплыў”, - напісаў Генеральны сакратар Сусветнай Рады Цэркваў.

Ён прызнаўся, што атрымаў паведамленні аб планах нападу на храмы падчас велікоднай літургіі, каб выклікаць яшчэ большы страх і ўзаемныя абвінавачванні. “Мы з самага пачатку ваенных дзеянняў працягваем прасіць палітычных лідараў аб спыненні агню і вяртанні за стол дыялогу, але безвынікова. Наадварот, у цяперашніх абставінах мы ўсе бачым, што вайна ўзмацнілася, і гэта сведчыць аб тым, што мір немагчыма дасягнуць так хутка, як мы ўсе гэтага жадалі і чакалі”, - з жалем адзначыў святар.

На яго думку, “спыненне агню прынамсі на некалькі гадзін” (...) дасць магчымасць салдатам і мірным жыхарам “абняць адно аднаго і павіншаваць пасхальным прывітаннем”, прымусіць “на хвіліну замоўкнуць бомбы і ракеты”, каб “пачуць пераможны гук царкоўных званоў і радасны спеў вернікаў”.

“Няхай гэта кароткае спыненне агню будзе прадчуваннем і доказам таго, што можна дасягнуць трывалага міру”, - напісаў Генеральны сакратар экуменічнай арганізацыі.
 

21 красавіка 2022, 11:12