Пошук

Айцец Франчэска Патон (у цэнтры) Айцец Франчэска Патон (у цэнтры) 

Пантыфік пацвердзіў пераабранне Кусташа Святой Зямлі

Папа пацвердзіў пераабранне айца Франчэска Патона на пасаду Кусташа Святой Зямлі і Ахоўніка гары Сіён, здзейсненае Генеральным дэфініторыем Ордэна Меншых Братоў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

59-гадовы італьянскі законнік будзе кіраваць блізкаўсходняй францішканскай правінцыяй на працягу бліжэйшых шасці гадоў. Гэта будзе яго другая кадэнцыя на пасадзе Кусташа.

Айцец Франчэска Патон нарадзіўся ў 1963 годзе ў Паўночнай Італіі. У 1983 годзе склаў першыя манаскія абяцанні ў Ордэне Меншых Братоў. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1989 годзе. Вучыўся ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ліцэнцыят у галіне сацыяльных навук і камунікацыі.

У 2003 і 2009 гадах быў сакратаром Генеральнага капітула ордэна, у 2008-2016 гадах – настаяцелем францішканскай Правінцыі святога Віргілія ў італьянскім Трэнта, у 2010-2013 гадах – старшынёй канферэнцыі правінцыйных настаяцелей Італіі і Албаніі. Займаўся выкладчыцкай і журналісцкай дзейнасцю. У 2016 годзе быў выбраны Кусташам святой Зямлі, замяніўшы айца П’ербацісту Піцабалу, які займаў гэту пасаду на працягу двух шасцігадовых тэрмінаў.

Кустодыя Святой Зямлі з’яўляецца адной з правінцый Ордэна Меншых Братоў. Яна ўключае ў сябе тэрыторыю Ізраіля, Палестыны, Іарданіі, Сірыі, Лівану і Кіпру. Клопат аб хрысціянскіх святынях на гэтых тэрыторыях францішканам даручыў папа Клімент VI. На сённяшні дзень у Кустоды служаць каля 300 законнікаў з 39 краін.
 

30 красавіка 2022, 10:08