Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш і пастар Крысціян Крыгер на польска-украінскім памежжы Кардынал Жан-Клод Олерыш і пастар Крысціян Крыгер на польска-украінскім памежжы 

Экуменічны заклік да міру з польска-украінскага памежжа

Старшыні Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) і Канферэнцыі Цэркваў Еўропы (KEK) разам наведалі польска-украінскую мяжу.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На памежным пераходзе Дарогуск-Ягадзін кардынал Жан-Клод Олерыш і пастар Крысціян Крыгер сустрэліся з украінскімі бежанцамі і скіравалі супольнае велікоднае пасланне, нагадваючы, што “гісторыя пакут і смерці Хрыста пераплятаецца з чалавечымі пакутамі і трагедыямі”, у тым ліку з пакутамі шматлікіх жыхароў Украіны.

“У Хрысце Бог яднаецца з нашым чалавецтвам, бярэ на сябе нашы абмежаванні і нашу нянавісць, нашу безвыходнасць і наша абурэнне, наша адчуванне непазбежнасці і адчаю, перамяняючы іх у надзею праз давер да Яго”, - гаворыцца ў экуменічным звароце.

Старшыні найбуйнейшых хрысціянскіх арганізацый Еўропы былі глыбока ўстурбаваны вялізарнай чалавечай трагедыяй, адлюстраванай у вачах бежанцаў, якіх сустрэлі. Яны выказалі падзяку работнікам гуманітарных арганізацый і валанцёрам, польскім дзяржаўным і рэлігійным уладам за канкрэтную салідарнасць з людзьмі, якія пацярпелі ад вайны.

Кардынал Олерыш і пастар Крыгер заклікалі да малітвы і актыўных дзеянняў на карысць міру ва Украіне, а таксама заахвоцілі ўсіх “працягваць верыць у перспектыву, якую адкрывае перад нашымі вачыма Божая ласка, аб’яўленая ў Хрысце”.

Падчас візіту ў Польшчу рэлігійныя лідары наведалі мясцовыя храмы розных канфесій, пазнаёміліся з шматлікімі гуманітарнымі праектамі, накіраванымі на дапамогу ўкраінскім бежанцам.

12 красавіка 2022, 12:02