Пошук

Пасяджэнне епіскапату Італіі на тэму прыёму бежанцаў з Украіны Пасяджэнне епіскапату Італіі на тэму прыёму бежанцаў з Украіны 

Італьянскі кардынал: патрэбны план прыёму бежанцаў з Украіны

Старшыня епіскапату Італіі лічыць, што краіны, якія непасрэдна мяжуюць з Украінай, не ў стане самастойна справіцца з гуманітарным абавязацельствам у выніку прыбыцця мільёнаў мігрантаў з Украіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Гуальцьера Басэці перакананы, што ЕС павінен прыняць рашэнне аб рэалізацыі плана пераразмеркавання бежанцаў з Украіны ў розных дзяржавах-членах. Ён падкрэсліў, што калі ваенныя дзеянні працягнуцца, то ў бліжэйшай будучыні павялічыцца колькасць бежанцаў, слабейшых і бяднейшых за тых, хто ўцёк дагэтуль.

Іерарх мае надзею на тое, што, усведамляючы настолькі вялікую колькасць ахвяр і маштабы спусташэння, міжнародная супольнасць знойдзе спосабы ўрэгулявання канфлікту, актывізуючы дыпламатычныя намаганні па спыненні ваенных дзеянняў і невыбіральнага насілля, якія заўсёды з'яўляюцца крокам назад на шляху гуманізму.

Старшыня італьянскага епіскапату адзначыў, што Чын прысвячэння свету, і асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі, здзейснены ва ўсім Касцёле 25 сакавіка 2022 года, з’яўляецца яшчэ адным знакам Божай міласэрнасці, а рашэнне аб правядзенні такога набажэнства сведчыць аб заклапочанасці Святога Айца перад абліччам надзвычай небяспечнай для ўсяго чалавецтва сітуацыі.

Такія духоўныя ініцыятывы, перакананы кардынал Басэці, звяртаюць увагу на тое, што мір нараджаецца ў сэрцы чалавека перш за ўсё з жадання наладжваць адносіны, заснаваныя на братэрстве. У гэтым сэнсе Касцёлы ў кожным кутку свету могуць адыграць незаменную ролю ў стварэнні сапраўднага міру, які ў цэнтр увагі ставіць чалавечую годнасць, паважае правы і свабоды кожнага чалавека і жыцця, будуе супольнасці на аснове салідарнасці і адкрытасці.

Іерарх нагадаў, што жах канфлікту, які нішчыць жыццё ўкраінцаў, уцягвае ў свой вір увесь свет, выклікаючы разбуральны эфект даміно, бо цяпер усё звязана, і мы ўзаемазалежныя. Вайна ў цэнтры Еўропы, акрамя вялікай колькасці ахвяр і маштабных разбурэнняў, надзвычай ускладняе аднаўленне пасля пандэміі, якая выклікала сур’ёзны крызіс у грамадстве і сем’ях.
 

29 сакавіка 2022, 11:07