Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Старшыня біскупскай канферэнцыі Беларусі выступіў са зваротам з нагоды ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну. “Брат узняў руку на брата. Пачаў здзяйсняцца найгоршы сцэнар развязкі той напружанасці, якая ўжо доўгі час існавала паміж братнімі народамі. Так блізка, побач з намі, паміж Расіяй і Украінай, сярод блізкіх нам людзей пачалася вайна”, - адзначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 24 лютага 2022 г. Ён заклапочаны тым, што “братазабойчы канфлікт ва ўмовах сучаснай міжнароднай сітуацыі можа перарасці ў больш глабальную катастрофу”. Таму папрасіў узносіць малітвы аб найхутчэйшым спыненні і як найменшых ахвярах распачатага канфлікту, заахвоціў да посту і ахвяравання цярпенняў і пакутаў у гэтай інтэнцыі.

За папу Францішка і духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі памаліўся арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У свята Катэдры св. Пятра, 22 лютага 2022 г., ён прасіў Бога за сённяшняга Пантыфіка і за ягонага папярэдніка, Бэнэдыкта XVI. Таксама арцыпастыр узносіў малітвы за духавенства архідыяцэзіі і аб новых пакліканнях. Маючы на ўвазе пакліканых, іерарх падкрэсліў, што Касцёлу ў Беларусі патрэбныя сведкі веры, заахвоціў паважаць і любіць гэту паслугу.

Дыяцэзіяльная сустрэча катэхетаў, прысвечаная сінадальнасці Касцёла, адбылася ў Гродне. У сустрэчы, арганізаванай 20-21 лютага 2022 г., удзельнічала звыш 40 святароў, сясцёр законных і свецкіх асобаў, якія нясуць служэнне на тэрыторыі дыяцэзіі. Айцец рэдэмптарыст Віктар Бохан выступіў перад прысутнымі і растлумачыў асноўныя паняцці, звязаныя з Сінодам, указаў на праблемы, з якімі сутыкаецца супольнасць Касцёла. Святар падкрэсліў, што сінадальны шлях – гэта шлях, якога Дух Святы жадае для Касцёла ў новым тысячагоддзі. Таму Сінод – выключны час, каб разам распазнаваць, узрастаць і развівацца.

Трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны ўзгадалі на традыцыйных урачыстасцях у Росіцы. 19 лютага 2022 г. тут ушанавалі памяць благаслаўленых мучанікаў: ксяндза Юрыя Кашыры і ксяндза Антонія Ляшчэвіча. Айцы-марыяне пажадалі застацца разам з даручанай ім паствай і прынялі пакутніцкую смерць у агні, будучы спаленымі нацыстамі. Эўхарыстыю цэлебраваў старшыня беларускага епіскапату, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі ён засяродзіўся над загартаваннем душы і падкрэсліў, што гераізм і прыклад благаслаўлёных мучанікаў менавіта ў тым, што яны засталіся з вернікамі і паклапаціліся, каб яны мелі магчымасць паяднацца з Богам.

Карнавал напярэдадні Вялікага посту прайшоў у Мінску. У араторыі імя св. Яна Боска 19 лютага 2022 г. удзельнікі вечара выконвалі заданні на хуткасць, цягавітасць і не толькі. Пасля гэтага чакалі танцы і час для размоў. У вечары ўдзельнічала моладзь не толькі са сталіцы, але і іншых мясцін, сустрэча запомнілася добрай атмасферай.

У Стоўбцах працягваецца падрыхтоўка да першага гарадскога фэсту Стаўпецкія Казюкі. У межах свята, якое 6 сакавіка 2022 г. запланаваны ў райцэнтры ў гонар нябеснага апекуна тутэйшай каталіцкай парафіі св. Казіміра, адбудзецца майстар-клас па стварэнні традыцыйных вербаў – так званых віленскіх пальмаў. Гэта дэкаратыўныя кампазіцыі з веснавых галінак вярбы, да якіх дадаюцца сухія кветкі і расліны, каляровыя стужачкі і іншыя элементы. Падчас фэсту майстар-клас па стварэнні такіх кампазіцый правядзе Алена Шыдлоўская з народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасцi i мастакоў Гарадзенскi каларыт.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

26 лютага 2022, 09:53