Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш з прэм’ерам Славеніі Янэзам Яншай Кардынал Жан-Клод Олерыш з прэм’ерам Славеніі Янэзам Яншай 

Прадстаўнік епіскапатаў ЕС: пра будучыню каталіцызму ў Еўропе

Мы жывём у спажывецкай культуры, якая абяцае выканаць нашы жаданні, а калі не спраўляецца з гэтым, надыходзіць крызіс і шок, і чалавек пачынае задаваць самыя глыбокі пытанні, - заўважыў кардынал Жан-Клод Олерыш.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Люксембурга даў шырокае інтэрв’ю штодзённіку La Croix пра будучыню каталіцызму ў Еўропе. Ён звязвае яе з сілай Евангелля, якая выяўляецца менавіта ў адказах на пытанні пра сэнс жыцця і шчасце. Пасланне Езуса па-ранейшаму захоўвае сваю моц і свежасць, таму што чалавек застаецца сабой, ён не змяніўся за дзве тысячы гадоў, працягвае шукаць шчасця, але не знаходзіць яго, прагне бясконцасці, але разбіваецца аб свае абмежаванні.

Гаворачы пра будучыню Касцёла, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый ЕС перасцярог ад адхілення ад паслання Евангелля. Змяніць трэба не пасланне, а спосаб яго абвяшчэння, каб людзі маглі вярнуцца да Хрыста. На ягоную думку, гэтага патрабуе сёння “змена цывілізацыі”, якая праходзіць з небывалай сілай. І Касцёл павінен адказваць на гэта.

“Сёння ў нас ёсць тэалогія, якую ніхто не зразумее праз дваццаць-трыццаць гадоў, паколькі гэта цывілізацыя сыдзе. Таму нам патрэбна новая мова, што павінна грунтавацца на Евангеллі”, - падкрэсліў кардынал Олерыш.

Гаворачы аб пераменах, якія павінны адбыцца ў Касцёле, іерарх, між іншым, адзначыў неабходнасць паважаць меркаванне жанчын і рэфармаваць фармацыю ў духоўных семінарыях. Ён таксама выступіў за святарскае пасвячэнне для жанатых мужчын. Да гэтага меркавання яго схіляе станоўчы досвед працы з пастаяннымі дыяканамі.
 

25 студзеня 2022, 11:15