Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Камеруна: краіна хворая і мае патрэбу ў аздараўленні

Камерунскі епіскапат нагадаў пра пакуты, з якімі сутыкаюцца жыхары гэтай краіны. Іерархі асудзілі катаванні людзей і заклікі да племянных падзелаў.

Ян Глінскі - Vatican News

Падчас штогадовай сустрэчы біскупы ўзнялі пытанне трываючага з 2016 г. крызісу, выкліканага сепаратыстамі ў англамоўным раёне на захадзе краіны, а таксама насіллем з боку экстрэмістаў тэрарыстычнай арганізацыі Бока Харам на поўначы.

“Крызіс працягваецца, бо ёсць людзі, якім важна яго выклікаць. Вайна прыносіць ім фінансавую карысць. У нас складваецца ўражанне, што яна стала для іх цудоўным бізнесам”, - адзначыў біскуп Эмануэль Або з Нгаўндэрэ.

На думку біскупа Джорджа Нкуо з Кумбо, насілле сепаратыстаў выклікана шматгадовым несправядлівым стаўленнем да англамоўнай меншасці. “Палітыкі патрабуюць, каб запанаваў мір. Але мір павінен ісці ў пары са справядлівасцю. Няма міру без справядлівасці. Не толькі англафоны з-за гэтага церпяць. Як гаворыцца ў Святым Пісанні, калі церпіць адзін член, разам з ім церпяць і іншыя. Камерун хворы, ён мае патрэбу ў аздараўленні, ад самых каранёў канфліктаў”, - звярнуў увагу іерарх.

У 2016 г. адбыліся пратэсты англамоўных выкладчыкаў і юрыстаў. Яны былі жорстка падаўлены ўрадам, што прывяло да мецяжу, які працягваецца да сённяшняга дня. За гэты час загінула звыш 4 тысяч чалавек, каля 700 тысяч былі вымушаны перасяліцца.
 

28 студзеня 2022, 10:36