Пошук

Падчас Еўрапейскай сустрэчы моладзі. Ілюстрацыйнае фота Падчас Еўрапейскай сустрэчы моладзі. Ілюстрацыйнае фота 

Пачалася анлайн-сустрэча Еўрапейскай моладзі

З вячэрняй малітоўнай трансляцыі з Тэзэ пачалася штогадовая Еўрапейская сустрэча моладзі, якая вось ужо ў другі раз запар праводзіцца ў інтэрнэце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Двое маладых людзей на англійскай і французскай мовах запрасілі сваіх аднагодак паразважаць гэтымі днямі над тым, як быць стваральнікамі еднасці ў сучасным свеце.

Было прачытана прароцтва Ісаі (Іс 2, 1-5) аб тым, што ў канцы часоў Бог “асудзіць многія народы”; “і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць”.

Сабраныя памаліліся за моладзь, якая знаходзіцца ў Турыне, а таксама за тых, хто збіраўся туды прыехаць. Сталіца рэгіёна П’емонт не змагла прыняць маладых людзей, паколькі санітарныя абмежаванні не дазваляюць традыцыйнага размяшчэння пілігрымаў у сем’ях і парафіях. У цэнтры ўвагі мерапрыемства, арганізаванага братамі экуменічнай супольнасці Тэзэ, знаходзіцца сузіранне Турынскай Плашчаніцы.

Чарговы этап Пілігрымкі Даверу па Зямлі, распачатай у 1978 годзе, павінен быў прайсці ў Турыне ў 2020 годзе, але планы былі сарваныя пандэміяй каронавіруса. Сёлета браты з Тэзэ разам з Касцёлам у Італіі вырашылі не адмаўляцца ад сустрэчы. Але з прычыны санітарных абмежаванняў яны запланавалі яе ў два этапы: у канцы года (з 28 снежня 2021 года па 1 студзеня 2022 года) праходзіць абмежаваная моладзевая сустрэча з трансляцыяй у інтэрнэце, а ў ліпені 2022 г. – як плануецца – у Турын прыедуць усе жадаючыя.

Зараз моладзь прымаюць некалькі турынскіх касцёлаў. Узначальвае сустрэчу прыёр экуменічнай супольнасці, брат Алоіс. Арцыбіскуп Турына абвясціў на 30 снежня 2021 года пазачарговае выстаўленне Турынскай Плашчаніцы з трансляцыяй у СМІ.
 

29 снежня 2021, 10:36