Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Грэчаскі архімандрыт: Папа дасць новы імпульс экуменізму

Грэчаскі этап 35-га Апостальскага падарожжа Францішка будзе праходзіць пад знакам экуменічнага дыялога і міграцыйнай праблемы, якая ў гэтай краіне вельмі сур’ёзная.

Ян Глінскі - Vatican News

Па словах праваслаўнага архімандрыта Афінагора Фасіёлы, Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл гатовыя несці дапамогу мігрантам, а супрацоўніцтва на гэтай глебе з’яўляецца нагодай для будавання ўсё больш блізкіх адносін.

У Грэцыі, дзе Святы Айцец будзе прабываць з 4 па 6 снежня, большасць жыхароў належыць да Праваслаўнай Царквы, якая з цягам часу навязала дыялог і супрацоўніцтва з католікамі. Як адзначыў архімандрыт Афінагор, за апошнія гады колькасць мігрантаў моцна павялічылася, яны жывуць у лагерах і маюць патрэбу ў штодзённай дапамозе.

“Адной з важнейшых тэмаў апостальскага падарожжа Папы ў Грэцыю будзе міграцыя. Бо яна датычыць не толькі Касцёла і веруючых, а ўсяго грамадства. Чарговай справай надзвычайнай важнасці з’яўляецца пытанне экуменізму. Папа сустрэнецца з Праваслаўным Касцёлам, які зведаў мучаніцтва і выпрабаванні ў часы няволі Асманскай імперыі. Трэба памятаць, што менавіта праваслаўе прычынілася да незалежнасці Грэцыі, не толькі для таго, каб захаваць традыцыі, мову і культуру, але каб вярнуць хрысціянам свабоду вызнаванай веры”, - адзначыў архімандрыт Афінагор Фасіёла.

Па словах іерарха, сустрэча Святога Айца з главой Праваслаўнай Царквы ў Грэцыі з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што міжканфесійны дыялог становіцца больш моцным. Папскі візіт таксама “паглыбіць разуменне, што іншы чалавек з’яўляецца багаццем, а не кімсьці, хто хоча знішчыць нашую тоеснасць”.

“Праваслаўныя маюць структуру падобную да каталіцкага Caritas і стараюцца задавольваць асноўныя патрэбы мігрантаў, але таксама патрабуюць дапамогі. Калі раней лічыся, што Праваслаўная Царква цікавіцца толькі духоўным аспектам чалавека, пакідаючы матэрыяльны аспект на другім месцы, то актуальны міграцыйны крызіс паказвае, што гэта не так”, – дадаў праваслаўны архімандрыт.
 

03 снежня 2021, 08:24