11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Апостальскі нунцый у Беларусі зрабіў заяву аб сітуацыі з мігрантамі на мяжы рэспублікі з краінамі Еўрасаюза. "Незалежна ад цяперашняга палітычнага крызісу ў Беларусі, крызіс з мігрантамі патрабуе тэрміновых канкрэтных рашэнняў для кантролю над патокамі міграцыі і салідарнасці ўсіх", - адзначае абп. Антэ Ёзіч у паведамленні, апублікаваным 12 лістапада 2021 г. Прадстаўнік Папы Францішка вітае ініцыятывы дабрачынных арганізацый Caritas у Беларусі і Польшчы, якія пачалі збор дапамогі для мігрантаў. Ватыканскі іерарх заклікае "ўлады ўсіх зацікаўленых краін дзейнічаць рашуча і хутка, каб знайсці хаця б часовыя рашэнні дзеля выратавання жыццяў людзей".

Па выніках пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі абраны новы Генеральны сакратар епіскапату. Ім стаў бп. Юры Касабуцкі, які змяніў на гэта пасадзе абп. Юзафа Станеўскага. Таксама на пасяджэнні 10 лістапада 2021 г. абралі дапаможнага сакратара Канферэнцыі – кс. Юрыя Санько. Акрамя таго на сустрэчы біскуп Аляксандр Яшэўскі прадставіў распрацаваныя Прынцыпы працы і правілы паводзінаў з непаўналетнімі ў дыяцэзіях Беларусі, якія зацвердзілі ўдзельнікі пасяджэння. Сярод важных рашэнняў таксама – зацвярджэнне тэмы на 2022 Пастырскі год: Праз адзінства, удзел і місію да Касцёла-супольнасці.

Слова на 36-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні скіраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Як адзначыў абп. Юзаф Станеўскі, звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, "Касцёлу патрэбная ваша маладосць, энтузіязм, а вам патрэбны Езус". Іерарх заклікаў моладзь памятаць, што "вера не з’яўляецца ворагам розуму, але яна шукае розуму гэтак жа, як розум мае патрэбу ў веры, каб быць дасканалым". Следам за Святым Айцом Францішкам арцыпастыр папрасіў моладзь "учыніць Касцёл маладым і дынамічным".

На фасадзе святыні ў Нясвіжы знайшлі ўнікальныя фрэскавыя роспісы. Рэстаўрацыя касцёла Божага Цела працягваецца з 2010 г. і цяпер, падчас аднаўлення фасаду, рэстаўратары знайшлі фрэскі канца XVI - пачатку XVII ст. Наступнае наслаенне датуецца XVIII ст. Пробашч парафіі кс. Пётр Шарко адзначае, што пра фрэскавыя роспісы на сценах фасада ўпамінаюцца да 1812 г. Потым у інвентарнай кнізе яны не ўказаны. Святар мяркуе, што Дамінік Радзівіл удзельнічаў у вайне 1812 г. на баку Напалеона. З гэтай прычыны былі замаляваны фрэскі, каб касцёл не знішчылі, бо там было таксама шмат сімволікі Радзівілаў. Такім чынам святыня захавалася.

У Шчучыне ў кляштары айцоў пiяраў прайшлi Пiярскiя днi моладзi. У сустрэчы, якая працягвалася 4-6 лістапада 2021 г. пры парафіі св. Тэрэзы Авiльскай удзельнічалі юнакi i дзяўчаты са Шчучына і Ліды. На сустрэчы моладзь разважала над словамі "жыць харызмай". Запрошаныя госцi дапамаглi больш падрабязна раскрыць iх сэнс. У межах Дзён моладзі было мноства гульняў i забаў, якiя суправаджаліся малiтвай за сябе i блiзкiх.

У Баранавічах адбываецца ўрачыстае благаслаўленне вуглавога каменя на месцы будаўніцтва новага храма. Касцёл Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай з’явіцца ў мікрараёне Тэкстыльны. Парафіяльная супольнасць распачала будаўніцтва пад кіраўніцтвам свайго пробашча кс. Паўла Рудзьмана. 13 лістапада 2021 г. адбудзецца таксама цэлебрацыя першай св. Імшы на месцы будучай святыні, паведаміў Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

13 лістапада 2021, 11:32