Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: будучыня Касцёла – у руках моладзі

Біскупы еўрапейскага кантынента павінны даць супольны адказ на сучасныя выклікі. На гэта звярнуў увагу кардынал Жан-Клод Олерыш з нагоды распачацця 50-й сесіі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

Ян Глінскі - Vatican News

Старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) падзяліўся з агенцтвам KAI меркаваннем адносна таго, што “колькасць практыкуючых вернікаў пасля пандэміі зменшыцца, што дазволіць сканцэнтравацца на тых, хто сапраўды мае веру, каб разам з імі распачаць гэты новы этап”.

На думку іерарха, якая супадае з меркаваннем многіх біскупаў-удзельнікаў Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэса, што праходзіў у Будапешце, душпастыры Касцёла павінны распачаць “штосьці новае”.

“У Еўропе мы з’яўляемся меншасцю, а тым больш будзем ёю ў бліжэйшыя гады. Я лічу, што ў Лацінскай Амерыцы сёння больш хрысціянаў, чым у Еўропе. Падобная сітуацыя на Філіпінах, шмат пакліканняў ёсць у Афрыцы”, - дадаў ён.

Падсумоўваючы дзейнасць Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы за апошняе пяцігоддзе, іерарх назваў гэты час “школай навучання таму, што азначае быць Касцёлам у Еўропе”. “У нас ёсць Касцёл у Люксембургу, у Венгрыі і ў іншых краінах. А цяпер мы павінны стаць супольнасцю Касцёла ў Еўропе”, - сцвердзіў кардынал.

Старшыня COMECE нагадаў пра адкрыццё ў гэтым годзе Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці. Па яго словах, “у кантэксце гэтага сінадальнага працэсу біскупы Еўропы, на кантынентальным узроўні, павінны даць супольны адказ на сучасныя выклікі”.

У той жа час кардынал Олерыш звярнуў увагу на тое, што вялікі ўнёсак у аднаўленне Касцёла павінна ўнесці маладое пакаленне. “Мы аддаем у вашыя рукі Касцёл, у якім пэўныя рэчы прыгожыя, а іншыя патрабуюць аднаўлення. Але за гэтае аднаўленне павінны ўзяцца вы, так, як святы Францішак, бо Касцёл заўтраўшняга дня з’яўляецца вашым Касцёлам”, - сказаў арцыбіскуп Люксембурга.
 

24 верасня 2021, 10:30